Працягваюцца цяжкія баі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. УСУ прасоўваюцца на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Падраздзяленні расійскай арміі адбілі шэсць атак УСУ на Данецкім і пяць — на Чырвоналіманскім напрамках.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 516-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: 35 баявых сутыкненняў з праціўнікам за суткі
Мінулай ноччу армія РФ нанесла чарговы ўдар іранскімі ўдарнымі БПЛА Shahed па Украіне. За мінулыя суткі расійскія войскі таксама нанеслі ракетны ўдар, выкарыстаўшы 17 крылатых і дзве балістычныя ракеты, 39 авіяцыйных удараў, правялі 49 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва, разбураныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура, паведамляе Генштаб ВСУ.
— Расійскія войскі працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за суткі тут адбылося 35 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках армія РФ нанесла авіяўдары ў раёнах Паўлаўкі і Сцяпнога Сумскай вобласці. Абстраляла з мінамётаў і артылерыі больш за 20 населеных пунктаў у Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцях.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону. Праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Кучароўкі Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся пяць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у раёне Тарскога Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдар у раёне Серабранскага лясніцтва, з артылерыі абстралялі шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі атакі расійскіх сіл у раёне Багданаўкі, Кляшчэеўкі і на паўночны ўсход ад Арэхава-Васільеўкі Данецкай вобласці. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах Аўдзееўкі і Невельскага. Праціўнік з артылерыі абстраляў больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Краснагораўкі і Мар'інкі. Ад абстрэлаў пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійская армія вяла беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Новаміхайлаўкі і нанесла авіяцыйныя ўдары каля Благадатнага і Макараўкі Данецкай вобласці. Абстраляла больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання ўкраінскіх войскаў. Спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне Прыютнага Запарожскай вобласці. Нанёс авіяўдары ў раёнах чатырох населеных пунктаў Запарожскай і Херсонскай абласцей, абстраляў больш за 30 населеных пунктаў Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла сем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
— Знішчаныя чатыры разведвальныя БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі раён канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, шэсць артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, камандны пункт, сродак супрацьпаветранай абароны і станцыю РЭБ расійскіх войскаў.
Мінабароны Расіі: Спынілі дзейнасць дзвюх украінскіх ДРГ
Цягам сутак УСУ рабілі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім і Красналіманскім напрамках, заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі шэсць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай і Кляшчэеўка Данецкай вобласці. Акрамя таго, нанесенае паражэнне ўкраінскім падраздзяленням у раёнах населеных пунктаў Вясёлае, Багданаўка, Прадцечына, Белая Гара і Дыліеўка Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Аўдзееўка знішчаны склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» адбілі пяць атак УСУ ў раёне населенага пункта Неўскае Луганскай вобласці, а таксама Серабранскага лясніцтва. Акрамя таго, нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Кармазінаўка Луганскай і Ямпалоўка, Тарское і Серабранка Данецкай абласцей. У раёне населенага пункта Навалюбаўка Луганскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ўдарамі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Макараўка Данецкай і Лявадное Запарожскай вобласці.
— На Запарожскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Малая Такмачка, Арэхаў і Пяціхаткі. У раёне населенага пункта Мірнае Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы УСУ. Таксама ў раёне населенага пункта Каменскае Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 128-й горна-штурмавой брыгады УСУ.
— На Купянскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Сінькоўка, Петрапаўлаўка, Табаеўка і Пясчанае Харкаўскай вобласці. Акрамя таго, знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Крахмальнае Харкаўскай вобласці.
— На Херсонскім напрамку нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ. У раёне населенага пункта Зміеўка Херсонскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў падраздзялення УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 102 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 137 раёнах. У раёне населенага пункта Дзяржынск Данецкай вобласці пабіты вузел сувязі 24-й механізаванай брыгады УСУ. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Арэхаў і Малая Такмачка Запарожскай вобласці пабітыя пункт кіравання 65-й механізаванай брыгады УСУ і склад паліва для ваеннай тэхнікі 33-й механізаванай брыгады УСУ.
Сродкамі СПА перахоплены рэактыўны снарад сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 35 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін і Лукашэнка ўзмацнілі інфармацыйны ціск на захад
Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам імкнуўся прадэманстраваць уладу і ўпэўненасць у сваёй перавазе над прыхільнікамі ўладальніка ПВК Вагнера Яўгенам Прыгожыным. Пра гэта, лічаць аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны (ISW), сведчаць і месца, куды Пуцін запрасіў Лукашэнку, і іх атачэнне. Так, расійскі прэзідэнт павёз Лукашэнку ў Кранштат, дзе рускія салдаты і матросы ў пачатку 1921 года зладзілі антыбальшавіцкае паўстанне, якое ў выніку было задушанае. У паездцы іх суправаджалі губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў і малодшая дачка міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу Ксенія Шайгу. Эксперты нагадваюць, што Бяглоў і Шайгу — асабістыя ворагі Прыгожына. Публічная сустрэча Пуціна з Бягловым, дачкой Шайгу і Лукашэнкам у месцы няўдалага паўстання — амаль напэўна сімвалічны сігнал прыхільнікам і праціўнікам Прыгожына пра тое, што мяцеж Пуціным і адданымі яму людзьмі быў задушаны.
Пуцін таксама распачаў неўласцівыя яму дзеянні, выйшаўшы на вуліцу і вырашыўшы сфатаграфавацца ў Кранштаце з мінакамі, у тым ліку дзецьмі. Такім чынам, імаверна, ён хацеў стварыць вобраз папулярнага і любімага расіянамі лідара, лічаць у ISW. Гэтыя сімвалічныя жэсты паказваюць на тое, што Пуцін заклапочаны сваёй папулярнасцю, бяспекай свайго рэжыму і наяўнасцю сіл, якія змагаюцца за ўладу ў найвышэйшых эшалонах расійскага кіравання, адзначаюць у Інстытуце.
Аналітыкі звяртаюць увагу на выказванне Лукашэнкі, які заявіў Пуціну, што ПВК Вагнера застаецца ў цэнтральнай Беларусі, імаверна, тонка нагадаўшы Пуціну пра пагрозу, якую гэтая ваенная арганізацыя ўсё яшчэ ўяўляе для яго, і падкрэсліўшы свой кантроль над ёй. Заявы Лукашэнкі, відаць, прызначаліся для таго, каб прымусіць Пуціна задумацца пра нязручны (для Пуціна) факт, што новы лагер Вагнера размяшчаецца цяпер не так далёка ад Масквы (720 км па выдатнай вайсковай дарозе), як папярэдняя база на поўдні Расіі ў Молькіне (прыкладна за 1370 км ад Масквы).
Пуцін і Лукашэнка таксама ўзмацнілі інфармацыйныя аперацыі, скіраваныя супраць Захаду, адзначаюць у ISW. Яны чарговым разам агучылі свае ілжывыя заявы, што контрнаступленне Украіны правалілася. Пачалі казаць пра тое, што вагнераўцы ўяўляюць цяпер пагрозу для Польшчы. У Інстытуце адзначаюць, што байцы ПВК Вагнера ў Беларусі не маюць цяжкага ўзбраення, неабходнага для сур’ёзнага наступу на Украіну ці Польшчу. Здымкі Maxar лагера наймітаў у беларускай вёсцы Цэль пад Асіповічамі, зробленыя 23 ліпеня, паказваюць, што там у цяперашні час з транспартных сродкаў знаходзяцца ў асноўным сотні легкавых аўтамабіляў, невялікіх грузавікоў і прыкладна 35 паўпрычэпаў. Войскі Вагнера ў Беларусі не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Украіны, пакуль яны не будуць абсталяваныя механізаванай тэхнікай. Але нават у гэтым выпадку яны не стануць сур’ёзнай пагрозай для NATO, рэзюмавалі ў Інстытуце.
Украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках лініі фронту і 23 ліпеня прасунуліся наперад.
— На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 22 ліпеня, відаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся ў раёне заходняй мяжы Данецкай і усходняй — Запарожскай вобласці ў раёне Старамаёрскага (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі), а некаторыя расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы таксама прасоўваліся ў раёне Прыютнага (14 км на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі).
— На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 22 ліпеня, таксама відаць, што ўкраінскія сілы нязначна прасунуліся ў заходняй частцы Запарожскай вобласці ў раёне Каменскага, а расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы правялі дадатковыя наземныя атакі на поўдзень ад Арэхава ў раёне Рабоціна (12 км на поўдзень).
— Некаторыя расійскія і ўкраінскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі наступ на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута і, як паведамляецца, прасоўваліся ў раёне Хромава (непасрэдна на захад ад Бахмута).
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крамянная і, як паведамляецца, дамагліся тактычна значных поспехаў;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў раёнах Бахмута і Аўдзееўка — Данецк, але не прасунуліся наперад;
- расійскія сілы нанеслі абмежаваныя наземныя ўдары ў раёне заходняй мяжы Данецкай і усходняй — Запарожскай абласцей;
- Мінабароны Расіі працягвае вербаваць зняволеных на вайну ва Украіне;
- расійскія акупацыйныя ўлады завозяць замежных грамадзян на акупаваную Украіну, каб штучна змяніць дэмаграфічную сітуацыю.