Попыт на Мальдыўскія астравы з боку беларускіх турыстаў за мінулы год вырас на 44,5% у параўнанні з 2022-м. Пра гэта паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый (РСТА).
Летась Мальдывы наведала 5900 беларусаў, вынікае са статыстыкі міграцыйнай службы рэспублікі. Большасць выбірае для адпачынку час з кастрычніка да сакавіка. Травень-чэрвень — сезон дажджоў, але і гэта нямногіх палохае.
У студзені першую пазіцыю па турпатоку на Мальдывы занялі расіяне (18,6 тысячы турыстаў). Далей ідуць Італія (18,1 тысячы), Кітай (16,5 тысячы) і Вялікабрытанія (14,6 тысячы).
Індыя, якая лідзіравала ў леташнім рэйтынгу, апусцілася на 5-е месца (14 тыс.).
Як піша The Economic Times, рэзкае скарачэнне колькасці індыйскіх турыстаў на Мальдывах звязанае з напружаным становішчам паміж Нью-Дэлі і Мале пасля скандалу праз грубыя каментары, апублікаваныя ў сацсетках трыма мальдыўскімі намеснікамі міністра ў адрас прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі. У адказ індыйскія кіназоркі, спартоўцы і палітыкі выступілі з заклікам да грамадзян Індыі на знак пратэсту не адпачываць на Мальдывах.