У аўторак, 28 лютага, у Гомелі масава затрымалі 200 чалавек, з якіх 183 — няпоўнагадовыя. Так МУС адрэагавала на сустрэчу прыхільнікаў «ПВК Родан» ля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Сакрэт». Пагаварылі з затрыманымі падлеткамі і іх бацькамі пра тое, як усё адбывалася. А таксама паспрабавалі даведацца, чым займаюцца ўдзельнікі гэтага руху ў Беларусі.
Што такое «ПВК Родан»
«ПВК Родан» — гэта нефармальнае аб’яднанне, названае ў гонар злачыннай арганізацыі «Генэй Родан» з мангі (японскія коміксы, паводле якіх здымаюць анімэ) Hunter х Hunter («Паляўнічы на паляўнічага»). Яно не звязанае з прыватнымі вайсковымі кампаніямі, абрэвіятуру ПВК удзельнікі выкарыстоўвалі жартам.
Падлеткі, якія адносяць сябе да гэтага руху, як правіла, носяць доўгія валасы, клятчастыя штаны і чорныя байкі з малюнкам павука з дванаццаццю лапамі (у манзе ўдзельнікі злачыннай групоўкі «Родан» носяць татуіроўкі з яго выявай). Адзенне з выявай павука — гэта калекцыя брэнда «Хікікаморы-кай/Родан», якая выйшла яшчэ ў 2020 годзе.
«ПВК Родан» складаецца ў асноўным з падлеткаў. Рух, відаць, быў абсалютна стыхійны. Напрыклад, расійскія СМІ пішуць, што да з’яўлення навін пра бойку падлеткаў у гандлёвым цэнтры і абмеркаванняў у інтэрнэце ніякага руху і не існавала. Пасля ж зняты на відэа канфлікт праз выгляд удзельнікаў «ПВК Родан» прывёў да масавых сутычак падлеткаў па ўсёй краіне і рэйдам паліцыі па гандлёвых цэнтрах. Самі «павукі» называюць сябе ахвярамі нападаў скінхэдаў і каляфутбольных фанатаў, якім, аднак, далі адпор.
У Расіі адбылося некалькі масавых боек у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску, Новасібірску і Казані. Толькі ў Маскве за выходныя 24−25 лютага затрымалі больш за 350 маладых людзей, якіх лічаць датычнымі да нефармальнага анімэ-руху «Родан». Акрамя таго, затрыманні прайшлі і ва Украіне — напрыклад, у Харкаве і Кіеве. Украінскія ўлады лічаць, што гэта спроба «расійскіх прапагандыстаў правесці чарговую інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю і выкарыстоўваць дзяцей для дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ва Украіне».
Затрыманы ў Гомелі: «Абыходзіліся як са злачынцамі»

Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі.
Гамельчуку Дзянісу 17 гадоў. Ён адзін з затрыманых учора ў Гомелі каля гандлёвага цэнтра «Сакрэт». Хлопец расказвае, што не адносіць сябе да руху «ПВК Родан». Кажа, што аказаўся з сябрам не ў той час і не ў тым месцы.
— Мы ішлі міма «Сакрэта», і да нас падышоў дзядзечка ў куртцы Adidas. Сказаў: «Вы па адрасе», — і павёў нас да натоўпу людзей. Далей нам не дазвалялі даставаць тэлефоны, нічога наогул рабіць. Пад’ехаў бус, і нас забралі ў Цэнтральны РАУС Гомеля. Гэта было дзесьці ў 18.30 вечара, — апісвае момант затрымання Дзяніс.
Са словаў школьніка, у РАУС з імі абыходзіліся як са злачынцамі, «трымалі на холадзе з рукамі за галавой». Таксама ва ўсіх правяралі тэлефоны на наяўнасць чатаў і каналаў, звязаных з «ПВК Родан». На Дзяніса склалі пратакол пра дагляд, дадому яго забралі бацькі толькі ў гадзіну ночы.
— Жудасна насамрэч на холадзе было стаяць, я цяпер з тэмпературай дома пасля гэтага. Я не разумею нашую міліцыю ў тым плане, каб затрымліваць усіх, каго бачаць. Нельга было на месцы допыт зладзіць, а не везці ў аддзяленне кучу людзей? Наогул, я падазраю, што міліцыя ведала, што будзе сустрэча, яна чакала там загадзя, — мяркуе падлетак.
Дзяніса не знайшлі ніякіх чатаў, звязаных з «ПВК Родан», таму яго адпусцілі без пагрозаў пра пастаноўку на ўлік або завядзенне адміністрацыйнай справы. Аднак яго бацькам наконт таго, што адбылося, ужо тэлефанавала класная кіраўніца.
Паводле словаў яшчэ адной нашай суразмоўніцы, старшакласніцы Карыны з Гомеля, нарады міліцыі стаялі каля гандлёвага цэнтра «Сакрэт» учора з 10 гадзін раніцы. Яе сябар таксама аказаўся сярод затрыманых: ён зайшоў у краму «Спортмайстар» у гандлёвым цэнтры, дзе яго «прыняў» АМАП.
— Яго адпусцілі, але ён перажывае, што будзе далей. Пакуль нічога не вядома, але мяркуюць, што будзе ўлік (гаворка пра пастаноўку на ўлік у інспекцыі па справах няпоўнагадовых. — Заўв. рэд.). Па ІСН раённых інфармацыю разнеслі, дырэктары школ падключаныя, — расказвае Карына. — Наогул, на гэтыя анансаваныя зборы прыходзіць ад сілы 20 «павукоў» і натоўпы звычайных падлеткаў — паглядзець.
«Сэнсу мала, гэта ўсё проста хайп»
Сустрэчы прыхільнікаў «ПВК Родан» працягваюць анансаваць у розных гарадах Беларусі — у асноўным у гандлёвых цэнтрах. Некаторыя чаты, якія яшчэ ўчора налічвалі каля тысячы ўдзельнікаў, сёння недаступныя, замест іх стыхійна ўзнікаюць новыя суполкі па 100−200 чалавек. У іх абмяркоўваюцца ў тым ліку ўчорашнія затрыманні ў Гомелі і гучаць заклікі супрацьстаяць сілавікам, аднак большасць удзельнікаў супольнасцяў называе такія паведамленні правакацыямі.
Мы папрасілі беларускіх падлеткаў — удзельнікаў беларускіх чатаў «ПВК Родан», растлумачыць, у чым насамрэч сэнс сустрэч і якія інтарэсы ў новай субкультуры.
— Людзі проста хочуць быць у трэндзе таго, што адбывалася ў Расіі. Не асабліва разумеючы хто, што, за каго. Хочуць паказаць, што нічога не баяцца. Ёсць фанаты анімэ «Hunter x Hunter», якім проста падабаецца гэты мульцік, і гэтым адзеннем яны падтрымліваюць стваральнікаў мерчу. Некаторыя выстаўляюць сябе крутымі і ідуць у гэтай форме на ўсякія масоўкі, каб адстаяць «гонар доўгавалосых», — тлумачыць 17-гадовы мінчук Дзмітрый.
— Ці ёсць адрозненні ад расійскай «ПВК Родан»?
— У Расіі яны цяпер ідуць супраць людзей «нярускай нацыянальнасці», футбольных фанатаў, а ў нас у Беларусі яны проста хочуць паказаць, што іх шмат. Што яны носяць тое, што хочуць. Сэнсу ў гэтым мала, гэта ўсё проста хайп. Прыйшло да нас праз СМІ, Цікток, розныя паблікі. Я сам проста назіраю збоку, нікуды не лезу.
Пра адрозненні паміж беларускім і расійскім рухам расказаў яшчэ адзін мінскі старшакласнік, Кірыл. Паводле яго словаў, субкультура распаўсюдзілася літаральна за некалькі дзён, і мінскія падлеткі падтрымалі яе «дзеля вольнага стылю адзення».
— А наогул усё пачалося ў Маскве 24 лютага, калі ў гандлёвым цэнтры спакойна гулялі хлопцы з «Родана» ў кофтах з павукамі, клятчастых штанах і з доўгімі валасамі. На іх напалі «офнікі» — тыя, каму «Родан» не падабаецца проста праз стыль адзення, прычоскі. Удзельнікі «Родана» ў выніку таксама далі адпор. Потым гэта праз сацсеткі дайшло да Украіны, Беларусі, — тлумачыць Кірыл. — Ужо доўгі час нефармалаў шчамілі за іх выгляд, за пірсінг або доўгія валасы. «ПВК Родан» змагаецца за незалежнасць. Наколькі я ведаю, у іх у палітыцы не наносіць шкоды першымі, яны ўступаюць у бойку толькі пасля таго, як на іх напалі. Яны могуць толькі правакаваць «офнікаў» на бойку.
Сёння беларускія чаты «ПВК Родан» паведамляюць, што ў школах у дзяцей забіраюць тэлефоны і правяраюць тэлеграм на наяўнасць каналаў новага руху. Падлеткі паміж сабой распаўсюджваюць інструкцыі, як схаваць чат у тэлеграме і як паводзіць сябе, калі яго ўсё ж такі знайшлі.
Бацькі: «Большасць дзяцей сама выступае супраць, Падлеткі ўсё гэта неяк „глушаць“»
Бацькі школьнікаў расказваюць: класныя кіраўнікі з раніцы (а камусьці яшчэ з учорашняга дня) рассылаюць у бацькоўскія чаты паведамленні пра «ПВК Родан» і магчымыя масавыя беспарадкі. Напрыклад, у чат бацькоў, у якім ёсць Юрый з Гомельскай вобласці, класны кіраўнік напісаў яшчэ ўчора.
— У агульных рысах расказалі пра з’яўленне новага руху, яго гісторыю, пра форму адзення і чым яны вядомыя. У асноўным гэтая інфармацыя ва ўсіх навінавых пабліках, яе проста прадублявалі, — расказвае мужчына. — У цэлым, стаўленне да таго, што адбываецца, не найлепшае. Узнікненне субкультур было заўсёды. Пытанне — што яны ў сабе нясуць? Думаю, бацькі выступяць супраць, бо тут прысутнічае гвалт.
Дзеці яшчэ аднаго нашага суразмоўцы, Андрэя, жывуць у Наваполацку, сам мужчына працуе ў Мінску. Учора ён размаўляў з імі і абмяркоўваў новую папулярную субкультуру.
— Дачка вучыцца ў 5-м класе. Расказвала, што ў іх пачынае набіраць папулярнасць гэты рух, але большасць дзяцей сама выступае супраць, Падлеткі ўсё гэта неяк «глушаць»,-кажа ён.
А вось бацькам дзяцей мінскіх школ і гімназій рассылаюць папярэджанні пра тое, што ўвечары 1 сакавіка, імаверна, плануецца збор падлеткаў — і раяць назіраць за тым, дзе дзеці будуць вечарам.
— Мае ў секты не лезуць — у іх свае галовы на плячах, — кажа Аляксандр, чые дзеці вучацца ў адной з мінскіх гімназій. — Што кажуць падлеткі, сказаць складана. Дзеці калі і абмяркоўваюць гэта, то ў сваіх чатах у цялезе і ВК.
Яшчэ адна суразмоўніца, Вольга, расказвае, што ў школе яе дзяцей абмеркаванне «ПВК Родан» скончылася перасланым класнай кіраўніцай паведамленнем прэс-службы МУС. «Маё дзіця такім не цікавіцца», — удакладніла жанчына.
Алена, чые дзеці вучацца ў адной са школ Мінска, расказвае, што настаўніца яе старэйшай дачкі, якая цяпер у 8-м класе, не проста разаслала паведамленні бацькам, але і паразмаўляла з дзецьмі:
— У чатах нам разаслалі звесткі, што гэта за субкультура, інфармацыю пра затрыманне ў Гомелі. Ну і рэкамендацыі, каб адсочвалі сацсеткі, дзе дзеці гуляюць. Прычым гэта не толькі ў школьных чатах, але і на гуртках. Дачка-падлетак гэтым не цікавіцца. Кажа, што там адны дурні. А сыну яшчэ 10, сацсетак у яго няма. І я пакуль больш кантралюю яго час.
Настаўнікі: «Папрасілі паведамляць адміністрацыі, калі даведаемся, што дзіця ў „ПВК Родан“»
Наталля — класная кіраўніца адной са школ Мінска. Расказвае, што ў аўторак вечарам намесніца дырэктара даслала ў чат педагогаў паведамленне, у якім прасіла папярэдзіць бацькоў быць больш уважлівымі да дзяцей.
— Сутнасць паведамлення была ў тым, што нібыта 1 сакавіка ў горадзе могуць прайсці масавыя беспарадкі, у якіх будуць удзельнічаць узброеныя людзі, — расказвае педагог. — Настаўнікаў папрасілі сказаць бацькам, каб у сераду пасля ўрокаў дзеці не сыходзілі нікуды з дому. Але сёння сітуацыя памянялася. Раніцай нам з калегамі сказалі, што ўчорашняя інфармацыя не пацвердзілася, і папрасілі перадаць бацькам толькі звесткі МУС. У іх паведамлялася, што ў Гомелі прыхільнікі «ПВК Родан» сабраліся ля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Сакрэт», дзе ў выніку затрымалі 200 чалавек. Бацькі ўсю раніцу пытаюць у мяне, што здарылася. Я не ведаю, што менавіта адказваць, Таму тлумачу: усе баяцца сітуацыі, якая адбылася ў Гомелі.
Акрамя таго, працягвае Наталля, іх з калегамі папрасілі сачыць за тым, чым дзеці займаюцца вечарамі, а таксама маніторыць сацсеткі вучняў.
Калега Наталлі Ірына, якая працуе ў школе аднаго з гарадоў Мінскай вобласці, расказала, што раніцай у сераду ў чат педагогаў ім таксама адправілі паведамленне МУС пра сітуацыю з «ПВК Родан» у Гомелі. Папрасілі папярэдзіць бацькоў, каб сачылі, што іх дзеці робяць у інтэрнэце.
— А таксама нас папрасілі паведамляць адміністрацыі, калі даведаемся, што хтосьці з дзяцей — удзельнік «ПВК Родан», — дадае педагог.
На прыход у Беларусь руху «ПВК Родан» ужо адрэагавалі беларускія чыноўнікі і арганізацыі. Напрыклад, БРСМ прапанаваў тым, у каго «лішак энергіі і недахоп адрэналіну», з’ездзіць у Хатынь або дапамагчы ветэранам. На думку арганізацыі, заклікі «ПВК Родан» невыпадкова гучаць цяпер, «калі прэзідэнт знаходзіцца з найважнейшым візітам у Кітаі».
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка падчас выступлення сёння ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце нагадаў пра «маштабную гібрыдную інфармацыйную вайну Захаду». На яго думку, «ПВК Родан» — гэта прыклад дэструктыўнага ўплыву сацыяльных сетак. Ён заклікаў надаваць больш увагі школьнай псіхалогіі і працаваць з моладдзю.
Чытайце таксама


