Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Банкі ўкараняюць новаўвядзенні для ўкладаў: адны з іх могуць спадабацца кліентам, іншыя — не вельмі
  2. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  3. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  4. Снова дорожает автомобильное топливо. Но есть и условно позитивная новость, которая может понравиться водителям
  5. Кочанова высказалась о повышении пенсий. Тем временем Фонд соцзащиты населения хвастается, что купается в деньгах
  6. Праваабаронцы: У Беларусі — масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»
  7. В Офисе президента Украины пояснили, что имел в виду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  8. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  9. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  10. BYSOL: У сілавікоў новая тактыка для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія вяртаюцца ў Беларусь
  11. Россия требует полной капитуляции Украины и отклоняет мирные инициативы — ISW
  12. «Мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна». Трамп прызначыў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША
  13. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  14. Стало известно, чем сейчас занимается экс-глава ПВТ Валерий Цепкало
Читать по-русски


У верасні 2022 года ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні, у спіс трапілі адразу тры сям'і. Вольга і Сяргей — адны з тых, для каго раніца 27 верасня цалкам змяніла ўсё: мірнае жыццё ператварылася ў страх за сябе і дзяцей, а будучыня стала прывіднай. Цяпер пара разам з малодшымі дзецьмі жыве ў ЕС, прывыкаючы да спакойных будняў. Муж і жонка расказалі блогу «Людзі» пра тое, як да іх уварваліся са зброяй, пагражалі забраць дзяцей і завялі крымінальную справу.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

«Першыя, каго мы ўбачылі за дзвярыма, — людзі з аўтаматамі»

Вользе і Сяргею 48 гадоў, муж і жонка знаёмыя яшчэ са школы і разам ужо 32 гады. У пары чацвёра дзяцей: двое ўжо паўналетнія, а малодшым па 13 гадоў. У 2020 годзе яны, як і многія беларусы, абурыліся хвалі гвалту, што пракацілася па краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. І вырашылі выказаць свой пратэст як маглі: мірныя акцыі, лісты палітвязням, чаяванні з суседзямі. Былі ўпэўненыя, што нічога супрацьзаконнага не робяць. Праўда, сілавікі палічылі інакш. Іх «візіт» 27 верасня муж і жонка дагэтуль памятаюць у дэталях.

— Раніцай, прыкладна ў 7.30, пачуўся рэзкі званок у дзверы, — пачынае расказваць Вольга. — Я яшчэ была ў ложку, Сяргей ужо ўстаў, пайшоў у душ. У мяне толькі паспела мільгануць думка, што, напэўна, прарвала трубу, мы затапілі людзей, і таму да нас прынесліся. Праз пару секунд пачалі раздавацца дзікія гукі, усё грукатала, стаяў страшны шум. Мы крычалі, што бяжым адчыняць. Як былі, у бялізне. Толькі потым даведаліся, што гэта гук кувалды: паралельна са званком нам ламалі дзверы. Напэўна, крычалі, што гэта міліцыя, але я не чула, была ў шоку.

Мы адкрылі, і першыя, каго ўбачылі, — людзі з аўтаматамі, у шлемах, у бронекамізэльках. Яны адразу ж сказалі легчы на падлогу. Не ведаю, як хутка лёг Сяргей, але мяне паралізавала, я не разумела, што адбываецца.

У мінскай кватэры мужа і жонкі доўгі калідор. Сяргей знаходзіўся бліжэй да дзвярэй і лёг проста там. Яго жонка аказалася крыху далей, ля сцяны. Успамінае, што глядзела на ўсё квадратнымі вачыма:

— Я бачыла, як мужчына з аўтаматам правяраў ванны пакой. Ён адкрываў яго аўтаматам, заскакваў унутр. Усё гэта адбывалася рэальна як у кіно. Я ляжу, мне тыкнулі ў твар пасведчанне — нічога не відаць.

Сяргей дадае: яны з Вольгай думалі, што да іх могуць прыйсці, але ў чаканні не жылі. У выходныя перад ператрусам ездзілі на лецішча, а самай вялікай праблемай у тыя дні было ўладкаваць дзяцей у дзяржаўную школу замест прыватнай.

— Яны зразумелі, дзе спальня, забралі нашыя тэлефоны. Напэўна, потым дазволілі ўстаць. Пароль я ўжо казала стоячы, — успамінае дэталі Вольга. — Вельмі хутка ўбачылі ў мяне рэпост навіны «экстрэмісцкага» канала ў сямейны чат. А я нешта расслабілася: раней заўсёды капіявалі, а тут зрабіла рэпост. У мяне наогул шалёная колькасць падпісак на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. І гэта яны ў мяне знайшлі. Яны наогул без канца гаварылі, а калі нешта бачылі, адразу лямантавалі: «Хэй, усё зразумела, нашы кліенты». Я апраўдваюся, навошта мне гэтыя каналы, маўляў, навіны чытаю. «Трэба навіны па тэлевізары глядзець», — казалі яны. «Ну, трэба розныя навіны глядзець», — адказвала я. Кажу, што чытаю пра вайну — у мяне дарослы сын, я за яго перажываю.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Усяго ў той дзень у дом мужа і жонкі ўварвалася дзесяць чалавек. Праз нейкі час група захопу пераканалася, што пара не захоўвае зброю і дакладна не скарыстаецца ёю, і сышла. Засталіся толькі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

— У Сяргея стаяў партызанскі тэлеграм, ён сказаў ім спецыяльны пароль, і другая «цялега» з усімі чатамі выдалілася. Тады яго за ногі пацягнулі на кухню і пачалі біць. Я ўсё гэта чула, але не разумела, чым. Быў такі гук: ці то аўтаматам, ці то рэменем. Сяргей пачаў крычаць. Потым мы даведаліся — яны знялі патэльню з пліты і білі ёй, — апісвае суразмоўніца.

Яе муж дадае: патэльню нават пагнулі. Пазней аказалася, што такое рашэнне сілавікі выкарыстоўваюць часта. У камеры Сяргея нярэдка гучаў дыялог: «А цябе патэльняй?» — «Так, мяне таксама».

— Як толькі Сяргей пачаў крычаць, я проста з’ехала ўніз па сцяне. Ляжала ля сцяны, яны пераступалі праз мяне — я знаходзілася ў такім стане, — апісвае Вольга. — Потым яны яшчэ нешта пыталі, паказвалі ордар на ператрус. А ў мяне ўсё пацямнела перад вачыма. Я толькі зразумела, што ў першую чаргу прыйшлі да мяне. Не магла стаяць, на каленях папаўзла ў прыбіральню, мяне ванітавала.

Сілавікі прабылі ў кватэры мужа і жонкі каля дзвюх гадзін. Праверыўшы тэлефоны і знайшоўшы там «сляды чат-бота „План Перамога“», яны пачалі праводзіць ператрус. Вольгу завялі ў залу. А Сяргей усе гэтыя дзве гадзіны ляжаў на кухні ў адных трусах. Суразмоўніца ўспамінае: мужу незразумела чаму накрылі галаву ручніком, і выглядала ўсё гэта жудасна.

— Я на яго глядзела і думала: жывы ён там ці не? Стаяла ў зале і перыядычна прасіла сесці на крэсла, бо вось-вось упаду. У адказ: «Сесці ты заўсёды паспееш, стой». Яны наогул нас абражалі пастаянна, пыталі пра вайну, дзе я была ў 2014 годзе, казалі пра нацыстаў, — расказвае жанчына.

На ўсё гэта Вольга адказвала сілавікам, што яе хвалюе, што будзе далей, ці ўступіць Беларусь у вайну. Суразмоўніца тлумачыць: пастаянна спрабавала з імі дыскутаваць, казала, што з абодвух бакоў проста так гінуць людзі.

— Ён яшчэ мне казаў: «Ды вы, змагары, такое сцыкло, беглі ад нас». А я думаю, ну вядома, я стаю ў халаце, а ты перада мной з аўтаматам, пагражаеш забраць дзяцей, збіваеш майго мужа. І даказваеш, што вы такія смелыя, а я сцыкло, — эмацыйна кажа яна.

А тым часам пачаўся ператрус. Поўнай карціны жанчына не бачыла, але расказвае, што сілавікі пераварочвалі ўсю кватэру. З паліцаў скідвалі на падлогу вопратку, тапталіся па рэчах.

— Наогул у мяне стварылася ўражанне, што яны проста прыйшлі навесці беспарадак, — тлумачыць беларуска. — Дзеці (тады ім было па 12 гадоў) увесь гэты час сядзелі ў пакоі, з імі ўсе дзве гадзіны знаходзіўся асобны супрацоўнік. Ад усяго гэтага яны прачнуліся і ляжалі ў ложках не варушачыся. Дачка толькі два разы хадзіла ў туалет, вялізнымі вачыма глядзела на ўсё. Сяргей адразу ляжаў проста пасярод калідора, яна акуратна пераступала яго і ішла назад. Пытала ў гэтага супрацоўніка, чаму тата ляжыць, рукі за галавой. «Гэта каб не стрэліў!» — «Дык у яго зброі ніякай няма, чаго ён ляжыць у трусах?» — «Ну гэта на ўсялякі выпадак».

СІЗА на Валадарскага. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

— Я ў дзяцей потым шмат разоў спрабавала высветліць, што ён ім сказаў. Яны расказвалі, што ён гаварыў: «Вашыя бацькі — злачынцы, не будзьце як яны». Дзякуй богу, дзіцячы пакой не пераварочвалі. Зайшлі, шуфляды высунулі, сказалі: «Тут усё нармальна», — кажа Вольга. — Мне дачка потым расказвала: «Так грукатаў, я вельмі спалохалася». А гэты супрацоўнік ім расказваў, што бацькі хутка адчынілі дзверы, нястрашна ж. «Вось калі б не адкрывалі, мы б рас***чылі (разнеслі. — Заўв. рэд.) дзверы з аўтаматаў. І вось тады было б весела, маглі б і бацькоў вашых забіць», — вось так наўпрост дзецям і сказалі.

У кватэры на момант ператрусу знаходзіліся сабака і кот. Але сабаку ўжо 15 гадоў, ён стары, глухі і сляпы, таму на чужых не асабліва рэагаваў. А кот проста забіўся ў кут. Вольга згадвае, як радавалася, што сабака спаў.

— Інакш бы застрэлілі, — упэўненая яна.

«Стаяла спінай да сцяны і чула, як кагосьці білі»

Каля дзесяці раніцы мужа і жонку звезлі. Сілавікі яшчэ абмяркоўвалі, ці браць з сабой Вольгу. Вырашылі, што возьмуць. Далі апрануцца — муж і жонка нацягнулі першае, што ўбачылі.

— Ужо ў дзвярах я паварочваюся і кажу: «Калі ласка, можна хаця б слова сказаць дзецям, развітацца? Вы нас так выводзіце…» Яны дазволілі, — расказвае суразмоўніца. — Дзеці пачулі, што мы да іх ідзём, ускочылі. А я не разумела, што ім цяпер сказаць. У мяне не было ў жыцці нічога страшнейшага. Тым больш нам сказалі, што выклічуць апеку, каб забраць дзяцей. Для мяне гэта стала проста ціхім жахам. Я тады ўзмалілася: толькі не вязіце нікуды дзяцей, у мяне ёсць поўнагадовы сын, ён да іх прыедзе. Прыйшла ў пакой і толькі сказала: «Набярыце, калі ласка, брату». Мы абняліся, і нас пацягнулі. Надзелі капюшон, рукі за галаву і павезлі.

Пасля гэтага, як расказвалі дзеці, сілавікі яшчэ нейкі час хадзілі па кватэры. Потым усё заціхла. Тады яны ціхенька вызірнулі з пакоя, паглядзелі, што нікога няма, выйшлі ў калідор. Гэтак жа ціха праверылі ўсю кватэру. Зразумеўшы, што ўсе сышлі, патэлефанавалі брату і пайшлі прыбіраць.

Старэйшы сын Вольгі і Сяргея прымчаўся і супакоіў брата з сястрой. Днём сілавікі зноў прыходзілі — правяралі ноўтбук, разглядалі кватэру, але нікога не кранулі. Пераканаўшыся, што малодшыя больш-менш у парадку, старэйшы сын пачаў шукаць бацькоў. Але да вечара ўсё было беспаспяхова.

— Я не бачыла, куды нас прывезлі, глядзела толькі пад ногі, — расказвае Вольга пра тое, што адбывалася пасля затрымання. — Паднялася на пяты паверх у гэтым будынку, стаяла ля сцяны. Чула, як кагосьці білі, як людзі крычалі. Як крычаў Сяргей.

Пакуль мужа дапытвалі, Вольгу проста вадзілі з аднаго кабінета ў іншы. Праз некалькі гадзін пачаўся яе допыт. Увесь гэты час жанчына стаяла тварам да сцяны, а супрацоўнік міліцыі распытваў пра чат-бот плана «Перамога». Вольга казала як ёсць: бот запускала, але не прайшла апытанне да канца. Сілавік не паверыў. У выніку перад жанчынай паклалі пратакол, у якім яна нібыта прызнаецца, што планавала сілавы захоп улады, выходзіла на дарогу, вяла фота- і відэаздымку пратэстаў і адпраўляла фота ў забароненыя каналы, ненавідзіць «дзейную ўладу» і гэтак далей.

— А я нічога такога наогул не казала. І пытаюся: навошта вы ўсё гэта напісалі? Я жанчына, мама, у мяне чацвёра дзяцей, я зброю ніколі ў жыцці не чапала. Які сілавы захоп улады? — працягвае суразмоўніца. — І кажу: унясіце выпраўленні ў гэты пратакол. Тут чалавек, які даў мне яго, пачаў крычаць: «Ты што, а***ла? Ты ніколі больш не ўбачыш сваіх дзяцей, калі пратакол не падпішаш». А я разумею, што ў любым выпадку дадому не пайду, таму што падпішуся цяпер пад кучай артыкулаў. Але выдатна ведаю гісторыі, як забіраюць дзяцей і як потым іх складана дастаць з прытулку. І я б падпісала што заўгодна, толькі б гэтага не здарылася.

Далей быў падпісаны пратакол, відэа на фоне сцяны, а затым Вольгу і Сяргея адвезлі ў Маскоўскае РУУС. Суразмоўніцу зноў вадзілі па кабінетах. Нарэшце на яе склалі пратакол па адміністрацыйнай справе за рэпост экстэрмісцкіх матэрыялаў і ў нейкі момант сказалі: «Ты пойдзеш дадому».

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

«Следчы сказаў, што на мяне заводзяць крымінальную справу»

— І вось пяць ці шэсць вечара, выйшла я з РУУС, а ў мяне ні тэлефона, ні грошай, — кажа Вольга. — Пачала падыходзіць да мінакоў з пытаннем, ці можна пазваніць. У мяне яшчэ такі выгляд дзіўненькі, я ж што схапіла, тое і надзела. Падышла да аднаго мужчыны, спытала. Ён пакасіўся на мяне, але даў пазваніць на гучнай сувязі. Я набрала сыну і як пачала галасіць. А на тым канцы: «Мама, мама, ты дзе?» І гэты мужчына ўжо зразумеў, што да чаго, прапаноўваў зайсці да іх, сагрэцца, выпіць гарбаты. Я адмовілася. Потым прыехаў сын, забраў мяне дадому.

З РУУС Вольгу адпусцілі з абавязаннем з’явіцца на наступны дзень на Рэвалюцыйную, 3. Ужо дома яна зразумела, што гэта будынак ГУБАЗіК. Сябры сказалі наймаць адваката, а жанчына ўсю ноч не спала і перажывала, ці не будзе горш. Сустрэліся з адвакатам, вырашылі ехаць разам, але ў выпадку чаго на яго прысутнасці не настойваць. Сілавікі пусцілі адваката на допыт, а потым Вольгу разам з абаронцам адвезлі ў СК.

— Там следчы сказаў, што на мяне заводзяць крымінальную справу, даў паперы, падпіску аб нявыездзе, спытаў, ці буду даваць паказанні. Я вырашыла пагадзіцца. Следчы ветліва размаўляў, часам нібыта троліў: «А калі б там было напісана, што ты кагосьці забіла, таксама б падпісала?» — успамінае суразмоўніца. — Адразу сказала, што мяне прымусілі падпісваць. Ён яшчэ спытаў: «Ну ў сэнсе цябе прымусілі?» А я неяк пакрыўдзілася. Пачала казаць, што да мяне раніцай у кватэру ўварваліся людзі з аўтаматамі, білі майго мужа, кудысьці павезлі нас, пагражалі, што я ніколі не ўбачу дзяцей. Вядома, я б падпісала, што кагосьці забіла! Ён гэтую маю прамову не ўнёс, але напісаў, што «ранейшы пратакол быў падпісаны пад ціскам».

Чаму да іх прыйшлі, ім так ніхто і не патлумачыў. Вольга чакала, што ў ГУБАЗіКу пакажуць відэа і фота з маршаў, нейкія чаты. Але нічога такога ніхто не паказаў. Усё, да чаго былі прэтэнзіі, знайшлі ўжо падчас ператрусу. А вось Сяргея ў той вечар не адпусцілі. Мужчыну судзілі па адміністрацыйнай справе і арыштавалі на 13 сутак за «дробнае хуліганства».

«У камеры 18 чалавек, пабітыя, з пераламанымі рэбрамі»

Свой арышт Сяргей адседзеў у ЦІП на Акрэсціна. У яго чатырохмеснай камеры было 18 чалавек.

— Раней валанцёры маглі перадаваць зубныя шчоткі і туалетную паперу, а цяпер нічога нельга. Робяць надгляды і, калі знаходзяць зубныя шчоткі, мыла, забіраюць, — расказвае мужчына. — Святло там не выключаюць, кожныя дзве гадзіны будзяць. Спіш на падлозе, як у тэтрысе: хтосьці пад ложкам, хтосьці каля рукамыйніка. Ногі не можаш выцягнуць, таму што там ужо іншы чалавек. Мы неяк разлегліся, усе 18 чалавек, а тут адчыняюцца дзверы, і яшчэ двое заходзяць. І яны нават не могуць спакойна на падлогу ступіць, таму што ўсё ў людзях. Многія былі пабітыя, з пераламанымі рэбрамі, з перакошанымі тварамі. Некаторыя нават дыхаць нармальна не маглі, таму што ўсё балела. Аднаго затрымлівалі, паклалі тварам у асфальт і так працягнулі па зямлі. Яшчэ аднаго проста ў тапках забралі. Ён у трусах, толькі паспеў схапіць куртку жонкі — і вось так спаў на падлозе 15 сутак. А яшчэ быў таксіст, які прыехаў на выклік, убачыў, што гэта Следчы камітэт, развярнуўся і з’ехаў. У яго гэта другія 15 сутак: ён мусіў выходзіць, але потым накінулі яшчэ.

Мужчына ўспамінае: акно ў камеры зачынялася няшчыльна, і ноччу было вельмі халодна. Усе пастаянна хварэлі, многія — на COVID-19. Сяргей таксама захварэў, і кашаль з дыхавіцай не праходзілі каля месяца.

З ЦІП Сяргей мусіў выйсці 7 лістапада. Але незадоўга да гэтага яго выклікалі да следчага. Той заявіў, што заведзеная крымінальная справа, і мужчыну перазатрымліваюць на 72 гадзіны да абрання меры стрымання. Вольга пра гэта даведалася ад адваката за дзень да меркаванага выхаду мужа. Як толькі пачула, што мужа не адпусцяць, зямля сплыла з-пад ног.

— Мяне перавялі ў аднамесны бетонны карцар, паўтара на тры метры. Унутры знаходзіліся сем чалавек. Усе кашляюць, чхаюць, у каго тэмпература, у каго галава баліць. Лекаў не даюць. Спалі на падлозе. А яшчэ сядзець днём нельга. Калі хтосьці прысядзе — адразу заўважаць, і ўсё, стаім да адбою, — апісвае ўмовы Сяргей.

У гэты час Вольга разам з адвакатам пісалі хадайніцтва пра змену меры стрымання мужу. У мужчыны ляжачая мама, якую неабходна даглядаць, а таксама двое непаўналетніх дзяцей, якія вучацца дома. Усё гэта Вольга расказала ў заяве, прыклала характарыстыку з працы. І нейкім цудам Сяргея выпусцілі. Ужо на наступны дзень яе муж з’ехаў з Беларусі.

Людзі пад сценамі ІЧУ Акрэсціна ў жніўні 2020 года. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

«Мы вінаватыя ў тым, што мы беларусы»

Праз месяц з Беларусі разам з дзецьмі выехала і Вольга. У сярэдзіне снежня сям’я змагла ўз'яднацца. Цяпер муж і жонка паступова асвойваюцца ў новай краіне.

— Першай справай займалася ўладкаваннем дзяцей у школу, шукала жыллё, — кажа Вольга. — Працаваць пакуль не можам, але нам дапамаглі грашыма сябры. Яны арганізавалі збор, і вельмі шмат людзей адгукнулася. Толькі дзякуючы таму, што нам дапамаглі з грашыма, мы змаглі з’ехаць. Вельмі хочам падзякаваць усім, хто нам дапамог.

Першым часам, прызнаецца суразмоўца, давялося цяжка. Нікуды не выходзілі, камунікаваць з мясцовымі было страшнавата. А яшчэ не адпускалі прывіды перажытага.

— Я вельмі доўга наогул не спала, нервова рэагавала на дзвярны званок, — кажа Вольга. — А праз тыдзень пасля таго, як мы прыехалі сюды, прачынаюся, а шостай раніцы ад таго, што нам суседзі заціскаюць званок і пачынаюць лупіць у дзверы. Выбягаю са спальні, бачу лужыну ля ваннай, разумею, што мы іх затапілі. Але накрыла такое вострае дэжавю, што па мяне прыйшлі нават тут. Я адчыніла: стаяць нейкія людзі, лямантуюць. Адразу ж пабегла выціраць ваду, неяк перакрылі кран. Потым гаспадар кватэры прыехаў з сантэхнікам. Аказалася, што нешта пацякло ва ўнітазе, а мы ні пры чым. Але пасля гэтага я зноў не спала два тыдні.

Вольга падкрэслівае: затрыманні ў Беларусі ўсё яшчэ масавыя і іх колькасць толькі расце. Але пра гэта не ведаюць і не гавораць, таму маштаб рэпрэсій проста недаацэньваюць. Многія наогул баяцца паведамляць пра затрыманні і крымінальных справах сваякоў. Пра гэта жанчына ведае не па чутках: некалькі знаёмых знаходзяцца ў зняволенні, але іх блізкія баяцца публічнасці.

— Я ніколі не планавала з’язджаць, — упэўнена заяўляе яна. — За два гады з’ехала шмат сяброў, суседзяў. Але ўсё роўна чамусьці здавалася, што нам не давядзецца. Мы ж проста неабыякавыя людзі. А калі Сяргея з вялікай імавернасцю маглі пасадзіць, стала зразумела, што трэба ехаць. Хацелася, каб у дзяцей было нармальнае жыццё, мама і тата, цяпер і потым. Мне многія потым пісалі: «Воля, нават не думалі, што такое магчыма, што яшчэ затрымліваюць». Шмат у каго дагэтуль ёсць падсвядомае адчуванне, што прыходзяць за нешта. Але я так і казала: мы вінаватыя ў тым, што мы беларусы.

Падтрымаць сям’ю Вольгі і Сяргея можна на платформе BYSOL.