Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  2. У беларусов появилось новое экзотическое направление, куда не нужна виза. Узнали, как там с ценами и пляжным отдыхом
  3. Банкі ўкараняюць новаўвядзенні для ўкладаў: адны з іх могуць спадабацца кліентам, іншыя — не вельмі
  4. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  5. Праваабаронцы: У Беларусі — масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»
  6. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  7. «Мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна». Трамп прызначыў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША
  8. Стала вядома, чым цяпер займаецца экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала
  9. Эксперты проанализировали последние заявления МИД РФ и Шойгу, который назвал западных миротворцев «законными целями» — вот их выводы
  10. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  11. Качанава выказалася пра павышэнне пенсій. Тым часам Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выхваляецца, што купаецца ў грашах
  12. BYSOL заявіў пра новыя рызыкі для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія ездзілі і ездзяць у Беларусь. Даведаліся падрабязнасці
  13. BYSOL: У сілавікоў новая тактыка для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія вяртаюцца ў Беларусь
  14. В Офисе президента Украины пояснили, что имел в виду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  15. Зноў даражэе аўтамабільнае паліва. Але ёсць і ўмоўна пазітыўная навіна, якая можа спадабацца кіроўцам
Читать по-русски


Да восені 2021 года Фёдар Сумкін жыў і працаваў фельчарам на хуткай дапамозе ў Гродне, расказваў у сваім Instagram пра медыцыну і не толькі. Пісаў пра выбары 2020 года, а яшчэ часам згадваў, напрыклад, што яго машына старая і развальваецца на хаду. Інфармацыя, упэўнены беларус, дайшла куды трэба — якраз таму з кастрычніка 2021 года Фёдар жыве ў Польшчы. Але працягвае працаваць у медыцыне. Пагаварылі з ім пра адрозненні паміж польскай і беларускай сістэмамі аховы здароўя.

Фото: Instagram Федора
Фёдар Сумкін падчас працы на беларускай хуткай дапамозе. Фота: Instagram Фёдара

«Мой „любімы“ выклік у Гродне — у чалавека панос. А ты не можаш не паехаць»

Месца працы ў Польшчы Фёдар спецыяльна не выбіраў: спачатку разам з сям’ёй шукаў жыллё, а ўжо арандаваўшы кватэру ў Беластоку, заняўся працаўладкаваннем. У адрозненне ад дыплома доктара, дыплом сярэдняга персаналу ў Польшчы не пацвярджаецца. Але можна атрымаць спецыяльны дазвол ад міністра аховы здароўя на працу цягам пяці гадоў.

— За гэты час чалавек мусіць сам нешта прыдумаць. Калі хочаш працаваць далей — атрымлівай еўрапейскі дыплом. Інакш твой беларускі стане проста падстаўкай для кавы, — тлумачыць фельчар. — А пакуль гэты дазвол афармляўся, я ўладкаваўся ў прыватную хуткую ў Беластоку санітарам.

Тут суразмоўца ўдакладняе: у Польшчы ёсць два віды хуткай дапамогі. Дзяржаўная займаецца выездам да людзей у экстраннай сітуацыі: цяжкі пералом, інфаркт, аварыя і гэтак далей. Пацярпелым або аказваюць дапамогу на месцы, або вязуць у бальніцу. А ўсё астатняе: перавозкі, дастаўка цяжкіх хворых — робіць прыватная хуткая. Прапрацаваўшы ў беларускай хуткай дапамозе 9 гадоў, Фёдар упэўнена заяўляе: такі падзел вельмі карысны і спатрэбіўся б у нашай краіне.

— Я камунікую з калегамі — яны дагэтуль возяць людзей на дыяліз і працэдуры. І быццам маленькае адрозненне, але вельмі разгружае супрацоўнікаў, — тлумачыць медык. — Наогул, каб у Польшчы прыехала хуткая, патрэбныя сур’ёзныя падставы. Ты тэлефануеш, кажаш, што зламаў руку — табе раяць найбліжэйшую бальніцу і маршрут аўтобуса. Таму што ты зламаў руку, а не нагу, правільна? Сядзеш у аўтобус і прыедзеш. І большасць палякаў ужо ведае пра гэта і адразу едзе самастойна.

Фото: Instagram Федора
На адным з выклікаў хуткай дапамогі ў Гродне. Фота: Instagram Фёдара

А вось у Беларусі, па словах Фёдара, людзі прывыклі: што б ні здарылася, трэба звяртацца ў хуткую.

— Мой «любімы» выклік у Гродне быў, калі ў чалавека здарыўся панос, і ён патэлефанаваў нам, — успамінае беларус. — Я ехаў, чухаў галаву і думаў: «Чым я табе дапамагу наогул?» Дастаткова ж проста выпіць вугалю. А чалавек выклікаў хуткую, каб прыехалі людзі, паглядзелі на гэты панос і сказалі выпіць вугалю? Да таго ж у нас яго няма ў машыне, так што яму ўсё роўна давядзецца ісці ў аптэку самому.

— Але раней у Беларусі такога не было. У 2003 годзе хлопцы казалі, што калі было пяць выклікаў за дзяжурства — значыць, кепская змена нейкая, перапрацавалі капітальна. А ў апошнія мае гады працы нормай сталі 10−12 выездаў. На падстанцыю заязджаеш папоўніць запасы прэпаратаў і схадзіць у прыбіральню. Паўгадзіны на абед, а ўвесь астатні час ты катаешся. І калі за гэтыя 10−12 выклікаў адзін ці два разы былі сапраўднымі, калі даводзілася папрацаваць, — гэта шчасце. У асноўным — стандартны разнос таблетак. Бывала, бабулі сумна. Яна ўвечары памерае сабе ціск, расхвалюецца, выкліча хуткую. Мы прыедзем, зробім укол. Ёй спакайней. А потым глядзіш па камп’ютары — яна выклікае хуткую кожны дзень. Мы называлі гэта «праспяваць калыханку». Але нічога не зробіш, бо ты не можаш не ехаць на выклік.

«Прыёмнае аддзяленне тут па ступені драйву — тая ж хуткая дапамога»

Калі гаварыць у цэлым пра медыцыну, то ў Польшчы яна платная і пакрываецца страхоўкай. Нават экстранны выклік хуткай або лячэнне пасля ДТЗ. У большасці грамадзян, якія працуюць, ёсць дзяржаўная страхоўка — унёскі ў адпаведную арганізацыю ZUS (Zakład Ubezpieczeń Społecznych — упраўленне сацыяльнага страхавання) робіць працадаўца. Але калі такой страхоўкі няма (напрыклад, чалавек не знаходзіцца ў штаце і не плаціў унёскаў), у выпадку чаго яго ўсё роўна выратуюць. Але пасля гэтага выставяць рахунак. І ён, хутчэй за ўсё, будзе немаленькім. Многія палякі дадаткова да дзяржаўнага страхавання маюць поліс у прыватнай клініцы, каб хутчэй трапіць да вузкапрофільнага спецыяліста.

Атрымаўшы дазвол працаваць, беларус уладкаваўся ў прыёмнае аддзяленне бальніцы ў Слупску фельчарам (па-польску пасада Фёдара — ratownik). У Польшчы гэтае аддзяленне называецца SOR (Szpitalny Oddział Ratunkowy, або аддзяленне неадкладнай дапамогі). Тут аказваюць дапамогу ўсім, хто звяртаецца ў бальніцу.

Фото: Instagram Федора
Праца на прыватнай хуткай не звязаная з экстраннай дапамогай. На думку Фёдара, гэта добра. Фота: Instagram Фёдара

— Яго можна параўнаць з нашым прыёмным пакоем, але гэта вельмі круты і ўдасканалены прыёмнік. Калі ў нас проста хуценька глядзяць пацыента і вызначаюць, дадому або ў аддзяленне, то тут у SOR можна зрабіць ледзь не аперацыю, — расказвае медык. — Напрыклад, чалавек прыязджае з падазрэннем на апендыцыт. У яго возьмуць усе аналізы. Калі прыходзяць вынікі і пацвярджаюць магчымасць апендыцыту, з аддзялення спускаецца хірург, бачыць, што ёсць запаленне апендыкса. Пацыента вязуць у аддзяленне і аперуюць. Потым рэабілітацыя — і да пабачэння.

Яшчэ адно адрозненне: у Польшчы няма траўмапункта, як у нас. Калі чалавек зламаў руку — трэба ехаць на SOR, баліць у грудзях або ў жываце — сюды ж. А там ужо вызначаць, куды далей.

— Прыёмнае аддзяленне тут па ступені драйву — тая ж хуткая дапамога. Толькі ты нікуды не едзеш, а да цябе прывозяць. Часам мітусні нават больш. Усе палякі, якія атрымліваюць кваліфікацыю ratownik, кажуць, што перш за ўсё трэба ісці на SOR, таму што там «загартуюць у баі», і праз год-два можаш спакойна працаваць на хуткай. І ўжо будзеш адчуваць сябе як рыба ў вадзе, ведаць, як паводзіцца з пацыентам у любой сітуацыі.

«Цяпер для хуткіх закупляюць апараты УГД. Супрацоўнікі змогуць зрабіць яго проста дома ў пацыента»

Фёдар адзначае, што, у адрозненне ад Беларусі, у Польшчы няма такога, каб у сталіцы бальніцы былі нашмат лепшыя за рэгіянальныя. Часта бывае наадварот. Напрыклад, у Лодзі шпіталь можа быць абсталяваны найноўшай тэхнікай, таму што там галоўны ўрач — добры прадпрымальнік, а ў Варшаве тэхніка можа быць горшай і старэйшай.

— Кожная бальніца тут — асобны свет. Грашыма яна распараджаецца сама, а дырэктар — яшчэ і галоўны маркетолаг, — расказвае Фёдар. — Так, у Беларусі галоўны ўрач таксама выйграе тэндары, закупляе для бальніцы апаратуру. Толькі чамусьці выйграе той тэндар, які патрэбны, і для хуткай дапамогі купяць «Газель», а не «Мерсэдэс». А тут дырэктар часцей за ўсё зацікаўлены ў яе развіцці. Але, вядома, многае залежыць ад рэгіёна, бальніцы, чалавека. Напрыклад, у нас у Слупску вельмі багатая хуткая. Машыны не старэйшыя за 3−4 гады. Таму што ў дырэктара фетыш: ад’ездзіла машына некалькі гадоў — ён прадае старую, дакладае з бюджэту і купляе новую. Усе машыны з электранасілкамі, на амартызатарах. Такія насілкі каштуюць каля 150 тысяч злотых (каля 79 000 рублёў. — Заўв. рэд.). Натуральна, пра іх клапоцяцца. Тут ёсць усё, каб супрацоўнікам было камфортна: новыя машыны, добрая апаратура. Цяпер вось для хуткіх закупляюць апараты УГД. Супрацоўнікі праходзяць навучанне на іх, і потым, напрыклад, змогуць зрабіць УГД проста дома ў пацыента, калі ёсць падазрэнне на ўнутраны крывацёк. І гэта вельмі крута!

Фото: Instagram Федора
У бальніцах у Польшчы часта бываюць капліцы, каб родныя пацыентаў маглі памаліцца. Фота: Instagram Фёдара

Пра заробкі дактароў і медперсаналу Фёдар кажа так: калі ў Беларусі ўсе працуюць на некалькі ставак, каб выжыць, то ў Польшчы таксама працуюць шмат, але каб адкласці.

— Нават сярэдні медыцынскі персанал, фельчар або медсястра, які працуе крыху больш за стаўку, спакойна жыве, аплачвае жыллё, камунальныя, адкладае на адпачынак і не думае, як дацягнуць да наступнага заробку. Дактары наогул на картку не глядзяць, — запэўнівае медык. — А яшчэ тут можна падзякаваць доктару, і гэта не лічыцца хабарам. Калі пацыент застаўся вельмі задаволены яго працай, пасля лячэння (менавіта пасля) ён можа яму нешта прынесці. Дазваляецца падзяка пацыента ў выглядзе кандытарскіх вырабаў, алкаголю, шакаладу, кавы і падарункаў, якія не перавышаюць суму ў 100 злотых (каля 52 рублёў. — Заўв. рэд.). А ў Беларусі, калі табе прынясуць тры цукеркі, можна нацягнуць саву на глобус і сказаць, што гэта хабар.

«Галоўны ўрач бальніцы вітаецца з людзьмі за руку, бярэ дзяжурствы»

Расказваючы пра ўмовы працы, Фёдар адзначае: у цэлым у Польшчы, як і ўсюды, ёсць праблемы з кадрамі ў ахове здароўя. Але недахоп медработнікаў не такі, як у Беларусі. І на гэта, на яго думку, ёсць шэраг прычын.

— Тут выконваюцца твае правы, і няважна, санітар ты ці доктар-рэаніматолаг. Не ўсюды пабываў, але з таго, што бачыў у Польшчы, ёсць вялікая розніца, — тлумачыць беларус. — Не ведаю, як у іншых бальніцах, але ў нас ні разу ніхто не казаў, што мы «ёлупы бяздзейныя», мала працуем і наогул трэба браць больш змен і менш грошай. Вялікі кантраст з пяціхвілінкамі на радзіме, калі ты выходзіў і доўга сумняваўся, чалавек ты ці не. Таму што была савецкая атмасфера гвалту і х****шання (прыніжэння. — Заўв. рэд.) супрацоўнікаў, калі табе прамым тэкстам кажуць: «Бл**ь, вы што, ненармальныя? Не маглі зрабіць вось гэта і тое?» Ніколі не хвалілі. Толькі калі была напісаная падзяка пацыента, зачытаюць і забудуць. Я сам памятаю, як аднаму доктару бабуля напісала падзяку на чатыры аркушы, «такі доктар малайчына, так мяне палячыў, спаць не магла, а ён дапамог, дайце яму прэмію». А начмед паглядзела карту — выклік быў з прычыны ціску, а медык укалоў дымедрол, які па пратаколе нельга. І чалавека пазбавілі прэміі за тое, што ён дапамог.

Фото предоставлено собеседником
Расказваць пра медыцыну Фёдар любіць з гумарам. Фота ад суразмоўцы

Фёдара ўразіла і начальства. Па яго словах, кантраст з Беларуссю вельмі прыкметны.

— Вось я памятаю свайго галоўнага ўрача ў Гродне, іншых кіраўнікоў бальніц — гэта людзі, перад якімі ўсе павінныя шапкі здымаць, таму што яны начальнікі. А калі хтосьці не зняў шапку — на яго можна раззлавацца і паказаць, што ты тут галоўны і ў цябе ёсць бэйджыкі, — з іроніяй кажа суразмоўца. — А тут галоўны ўрач бальніцы вітаецца з людзьмі за руку, бярэ дзяжурствы ў нас на SOR. Падыходзіць у калідоры: «О, Фёдар, як маецеся, усё ў парадку?» Спачатку ў мяне была невялікая блытаніна з бухгалтэрыяй. І я адказваю, што ўсё выдатна, толькі вось невялікі нюанс з паперамі. Ён паслухаў, прайшоў дзень — прыходзіць да мяне і кажа: «Я схадзіў у бухгалтэрыю, яны ўсё выправяць. Як вырашыцца, ты мне скажы, добра?» Я прыфігеў трохі: мужык, ты тут галоўны ўрач і схадзіў за мяне, звычайнага фельчара, спытаў? Ён у адказ: «Ну так». І ўсё вырашылася. Ці я неяк пайшоў у сталоўку, падышла мая чарга, разумею, што забыў картку. Ужо збіраюся сыходзіць, а тут галоўны ўрач, які стаяў перада мной, пытаецца: «Ты картку забыў, так?» І плаціць за мой абед. Я дзякую, кажу, што перавяду грошы, а мне ў адказ: «Супакойся, гэта дробязі. Сёння я цябе пачаставаў, заўтра ты кагосьці пачастуеш». І мы паабедалі разам. З галоўным урачом! Я сяджу, і ў мяне валасы на галаве варушацца. А потым думаю: пачакай, Фядос, а чаго ты ўвогуле такім рэчам здзіўляешся? Гэта ж па ідэі нармальна.

«Баліць тры тыдні, але чалавек едзе ў бальніцу, калі зусім кепска»

Расказваючы пра паўсядзённую працу, Фёдар адзначае, што ўсё самае жудаснае — адрэзаныя рукі на вытворчасці, жорсткія ДТЗ, калі людзей прывозяць па частках — з часам робіцца руціннай працай.

— Усім аднолькава баліць, проста камусьці больш, камусьці менш, — кажа ён. — Цяпер вось пачаўся сезон галалёду, і за маё мінулае дзяжурства мы пяць разоў упраўлялі косткі. Цяпер наогул пойдзе фарш з людзей, якія будуць біцца, падаць, разбівацца на машынах. У астатнім самыя частыя выпадкі — пажылыя, у якіх дыхавіца, сэрца. Заўсёды знойдуцца людзі, у якіх забаліць жывот, заколе сэрца, і ўсё гэта будзе ў тры гадзіны ночы. Людзі ж усюды аднолькавыя: цярпяць, а калі ў тры ночы разумеюць, што само не пройдзе, едуць лячыцца.

Такія выпадкі ў нас лічацца самымі абсурднымі: баліць тры тыдні, і ноччу чалавеку робіцца настолькі невыносна, што ён едзе ў бальніцу. Людзі не ходзяць да тэрапеўта, цягнуць, а калі ўжо зусім запушчана, дзівяцца, чаму мы ў адзін момант не можам іх вылечыць. А выпадкі накшталт лямпачак у роце… Наогул, 70% траўмаў пачынаюцца са словаў «глядзі, як я ўмею», а астатнія 30% — пасля «глупства, глядзі як трэба». Такіх залётных хлопцаў хапае. Ёсць рабацягі, якія адразаюць сабе пальцы або рукі. І гэта не тыя, хто ўпершыню ў рукі ўзяў балгарку. Яны ўсё жыццё прапрацавалі на гэтых станках, і вось «гэта ж на раз-два адрэзаць, адной рукой патрымаю» заканчавецца адрэзанымі трыма пальцамі. Усё ад чалавечай няўважлівасці.

Яшчэ з таго, што ўразіла Фёдара ў Польшчы, — іншае стаўленне пацыентаў.

— У Беларусі тое, што ты абслугоўвальны персанал, адчуваецца востра. Усе лічаць, што ты ім павінен, раз даваў клятву гіпапатаму, дамкрату ці яшчэ камусьці. У Польшчы я такога не ўбачыў, калі не браць асацыяльны пласт насельніцтва — гэтыя людзі ўсюды часта хамаватыя. Але бывае, што бяздомныя паводзяць сябе прыемней, чым іншыя людзі. І ў цэлым тут часцей бачыш у вачах пацыентаў просьбу дапамагчы. Ты робіш людзям добра, і яны сыходзяць дадому шчаслівымі. А не «бл**ь, а ну рабі, я на цябе падаткі плачу».

Фото предоставлено собеседником
Фёдар з калегамі. Фота ад суразмоўцы

Зрэшты, якой бы руцінай ні станавіліся траўмы і адрэзаныя рукі, да смерці пацыентаў да канца прывыкнуць немагчыма. Фёдар дзеліцца: самае змрочнае пасля канстатацыі смерці — тэлефон, які звоніць з пакета з рэчамі.

— Яго абанент больш ніколі не здыме слухаўку. Не скажа «люблю» ці «прабач». А на тым канцы чакаюць, што чалавек адкажа і скажа: «Я ў парадку, прынясіце мне салодкага ў бальніцу». Самае жудаснае — гэта перапісваць рэчы. Ты залазіш туды, дзе не павінен быць. Вось фотка ў кашальку. Вось шчаслівая манетка. Ці паспеў чалавек з’есці свой любімы сыр? Купіў той ланцужок, пра які марыў? Ці адкладваў на заўтра?

«На Захадзе спецыялістаў з Беларусі вельмі цэняць»

Фёдар удакладняе, што можа падацца, нібыта ён расхвальвае польскую медыцыну і крытыкуе беларускую, але «як ні круці, усе раўняюцца на Захад».

— І хоць палякі едуць у Германію, а немцы — у ЗША, для мяне польская медыцына — гэта тая медыцына, пра якую мараць студэнты, пакуль вучацца. Я ўсім сэрцам люблю гэтую сферу і сваю прафесію, і цяпер я працую менавіта там, дзе і хацеў. Тут ёсць магчымасць развіцця: падчас працы можна пайсці вучыцца і атрымаць ступень. У нас медсёстры з вышэйшай адукацыяй, некаторыя абаранілі доктарскую. Цябе не абражаюць, твае прапановы слухаюць. Ніхто не скажа сядзець і не высоўвацца, — упэўнены ён. — Пры гэтым, нягледзячы на вялікую колькасць плюсаў у Польшчы, добрае ў Беларусі ўсё ж ёсць. Напрыклад, чалавека з траўмай у нас прымаюць хутчэй, ніхто не прымусіць чакаць 4−7 гадзін у прыёмным аддзяленні. Яшчэ ў Беларусі тэрапеўты ходзяць на дом (хоць гэта плюс хутчэй для пацыентаў), у Польшчы пра такое гаворкі не ідзе. Доктара выклікаць можна, але, па словах Фёдара, за тыя ж грошы можна на таксі бізнес-класа паехаць у бальніцу, прычым таксіст з вамі пачакае і паедзе назад.

Фото предоставлено собеседником
Транспартаванне асабліва цяжкіх хворых можа адбывацца на верталёце. Фота ад суразмоўцы

Ну і самы асноўны рэсурс Беларусі — людзі. Яшчэ працуючы там, ты пачынаеш думаць: «Якога хрэна людзі працуюць цэлымі днямі на знос, амаль за бясплатна?» Іх цэлымі днямі х****сяць, перашкаджаюць развіццю ў прафесійным плане, а яны далей ходзяць на працу, робяць яе добра і з любоўю. Вось гэта падобна да цуду. І тут, на Захадзе, спецыялістаў з Беларусі вельмі цэняць. Ведаюць, што доктар з Беларусі не будзе ленавацца, што ён умее з жуйкі і лапаткі змайстраваць што заўгодна.

Нягледзячы на плюсы працы ў Польшчы, ад ідэі вяртання ў Беларусь Фёдар не адмаўляецца. Але дакладна не ў найбліжэйшай будучыні.

— Думаю, гэта будзе мэтазгодным, калі я змагу сваёй краіне даць новы досвед, новае дыханне. Усе, хто з’ехаў і працягвае працаваць у медыцыне за мяжой, убіраюць у сябе тое новае, што ім не давалі дома. Я не бачу сярод сваіх суайчыннікаў тых, хто проста сядзіць на ср*** роўна, радуючыся аднаразовым пальчаткам. Усе мае знаёмыя літаральна накінуліся на медыцыну з велізарным голадам: яны вучацца, удасканальваюцца, ездзяць на канферэнцыі, лекцыі. І мяне такі гонар бярэ за гэта. І я сам імкнуся карыстацца тым, дзе мне пашчасціла быць, не правароніць усе гэтыя магчымасці. І веру, што надыдзе момант, калі мы возьмем стары і новы досвед, адсеем усё га***шча, збяром вяршкі і на гэтым выбудуем нешта добрае ў новай Беларусі. Зразумела, што не цяпер, але гэта дакладна будзе, — упэўнены Фёдар.