Ініцыятыва падтрымкі трансгендарных людзей TG House Belarus паведаміла пра масавыя затрыманні сярод трансгендараў, вядома таксама, што на некалькі чалавек завялі крымінальныя справы, піша «Наша Ніва».
«У людзей праводзяць ператрусы, затрымліваюць, даюць штрафы, заводзяць крымінальныя справы», — расказвае каардынатар ініцыятывы.
Актывістам вядома пра затрыманне за верасень мінімум васьмі чалавек, на большасць з іх склалі пратаколы за «хуліганства». На дваіх завялі крымінальныя справы па арт. 343 Крымінальнага кодэкса (Распаўсюд парнаграфіі).
Як расказалі ў ініцыятыве «Люстэрку», паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманыя таксама каля дзесяці ЛГБТ-актывістаў.
ЛГБТК±ініцыятыва «Прызматыка» пацвердзіла інфармацыю пра ўзмацненне ціску на ЛГБТК±супольнасць у Беларусі: у дачыненні да яго прадстаўнікоў праходзяць арышты, ператрусы і допыты. Пераслед зазнаюць квір- і трансперсоны, а таксама актывісты і актывісткі, якія наведваюць мерапрыемствы ЛГБТК±арганізацый.
Ініцыятыва заклікала ўлады Беларусі спыніць гэтыя рэпрэсіі і запусціла кампанію экстраннай дапамогі прадстаўнікам супольнасці.