У старэйшых класах Вікторыя загарэлася ідэяй стаць доктаркай. Таленавітая дзяўчына лёгка паступіла ва ўніверсітэт і атрымала размеркаванне ў адну з найлепшых медыцынскіх установаў Мінска. Яна марыла ратаваць людзей, але суровая рэальнасць хутка разбіла яе ружовыя акуляры. Анестэзіёлаг-рэаніматолаг вырашыла змяніць сферу і стаць праграмісткай. Як гэта перавярнула яе жыццё, яна расказала «Люстэрку».
Імёны герояў змененыя дзеля іх бяспекі.
«За некалькі хвілін мы з бацькамі вырашылі, што на стамфаку я не выседжу»
Вікторыі крыху за 30, яна родам з Гродзенскай вобласці. Працоўны дзень у яе, як і ў большасці беларусаў, складае восем гадзін, але з секундамерам гэты час ніхто не вымярае. Графік у іх IT-кампаніі сфармаваны так: зрабіў частку задання, разлічаную на дзень — і вольны. На інтэрв'ю мы лёгка дамаўляемся на 11.00. Размову пачынаем з медыцыны. У гэтую сферу жанчына трапіла нетыпова. Са школы ёй лёгка даваліся замежная мова, фізіка і матэматыка, а вось з біялогіяй было няпроста. Складана атрымлівалася нешта запамінаць, таму добра вучыць гэты прадмет для яе стала своеасаблівым чэленджам: «А ці магу я?» Паспрабавала — і перамагла. Далей паступіла на хімічна-біялагічный профіль у ліцэй. Яго абрала, арыентуючыся на найлепшую сяброўку. Пра прафесію доктара тады не задумвалася, проста цікава было павучыцца ў лепшай установе.
— Калі ты падлетак, то з працаў, якія разглядаеш пасля хімбія, доктар — самая крутая. Да гэтага дадаецца новы чэлендж — паступіць у мед. У ветэрынарную акадэмію ці экалагічны інстытут прахадныя балы не вельмі высокія. А я ж такая ўся разумнічка, мне трэба 360 (максімальна на ўступнай кампаніі можна набраць 400. — Заўв. рэд.)! — смяецца суразмоўніца, калі тлумачыць, як аказалася ў медыцынскім. — Абірала паміж стаматалагічным і лекавым факультэтамі. Наконт першага мы загадзя параіліся са знаёмымі. Яны сказалі, што, каб стаць стаматолагам трэба больш уседлівасці, а я чалавек актыўны. Памятаю, як у дзень падачы дакументаў стаяла на скрыжаванні паміж прыёмнымі камісіямі двух гэтых факультэтаў, і за некалькі хвілін мы з бацькамі вырашылі, што на стамфаку я не выседжу.
Вучылася Вікторыя добра, на другім курсе вырашыла, што хоча стаць анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Прычын было некалькі. Адна з іх — татава сяброўка, што мела такую спецыяльнасць. Вікторыя марыла быць як яна і да пятага курса старанна ішла да гэтай мэты. Жыццёвы штыль парушылі «любоўныя справы». Праз цяжкія адносіны з хлопцам дзяўчыну на некалькі месяцаў накрыла так, што не хацелася нічога, тым больш браць у рукі падручнікі са складаным матэрыялам. Ад медыцыны ванітавала. «Глытком свежага паветра» стала праграмаванне.
— Усё пачалося з таго, што сябар-айцішнік прапанаваў мне зрабіць сайт. Я паспрабавала — атрымалася. Праект я не скончыла, але ўклала ў яго душу, — успамінае Вікторыя пра новае захапленне. — Цікава, але раней, калі скардзілася гэтаму сябру, што ў медыцыне нешта карава арганізаванае ці невысокія зарплаты, а ён мяне пытаў: «А чаго ты застаешся?», то заўсёды на гэта рэагавала: «Ну як? Мы ж мусім несці дабро ў гэты свет, ратаваць людзей». Цяпер жа я сур’ёзна задумалася над тым, каб змяніць сферу.
Вікторыя знайшла IT-курсы, паведаміла бацькам пра ідэю і перспектывы. Для большай пераканаўчасці дадала, што ў яе добрая англійская, вялікі плюс у гэтай справе. Родныя ад такіх словаў былі ў шоку. «Плюсы прафесіі» каментавалі каротка: «Ты ўсё выдумала», а саму задуму — эмацыйна: «Што ты нясеш?! Пяты курс, ты амаль скончыла ўніверсітэт». Падтрымаў дзяўчыну хіба што дзядзька-доктар, які яшчэ перад паступленнем гаварыў ёй: «У медыцыне не назбіраеш на кватэру». Але ў 17 гадоў дамы і грошы — апошняе, пра што Вікторыіі хацелася думаць. Праз чатыры гады мама з татам да родзіча па новую параду не звярталіся. Сваё меркаванне мяняць таксама не хацелі.
— Напэўна, яны проста не разумелі, куды я іду. Для іх доктар — гэта класная, рэспектабельная прафесія. А праграмісты… Да нядаўняга часу такіх спецыялістаў яны ўспрымалі як, напрыклад, тых, хто рамантуе чайнікі, — расказвае суразмоўніца. — Яны мелі знаёмую, што дапамагала ставіць праграмы на камп’ютар і была запісаная ў іх як «праграмістка». Яны лічылі, што я буду займацца прыкладна тым самым: сядзець у цёмным пакоі, ператыкваць правады — і ніякіх перспектываў.
Пад ціскам бацькоў Вікторыя спасавала — баялася застацца ў вялікім горадзе без іх падтрымкі. Гэта цяпер яна разумее, як можна было выкруціцца ў той сітуацыі, а тады «кішка была тонкая». Спужалася, што праз сваю ідэю застанецца ні з чым, і адпусціла сітуацыю. Выдыхнула і зноў па вушы «нырцанула» ў медыцыну. Практыкавалася, добра вучылася, ездзіла на канферэнцыі — у выніку яе размеркавалі анестэзіёлагам-рэаніматолагам у адну з самых крутых мінскіх медыцынскіх установаў. Трапіць туды здавалася нечым «па-за межамі мараў».
«Калі інтэрн у нечым прасядаў, атрымліваў дозу пагарды»

«Па-за межамі мараў» больш прыземленай мовай можна растлумачыць так: установа з добрай тэхнікай і талковымі спецыялістамі. Суперварыянт для амбіцыйнай Вікторыі.
— Калі я туды ішла, то была вельмі задаволеная. Наконт зарплаты таксама мела ружовыя акуляры. Праз тое, што ва ўстанове аказваюць платныя паслугі, нам абяцалі: «Такія лічбы, такія лічбы!» Вядома, без канкрэтных лічбаў, — смяецца яна. — Думала, нядрэнна. Яшчэ да жніўня, калі афіцыйна пачыналася інтэрнатура, схадзіла на дзяжурства пазнаёміцца з аддзяленнем, загадчыкам. Падчас візіту ты вечар сядзіш у бальніцы, глядзіш, як усё працуе, дзе што знаходзіцца, разумееш, што трэба падцягнуць па ведах. Да гэтага даволі добра ставіліся.
Ад таго, што яна ўбачыла, Вікторыя была ў захапленні. Загадчык аддзялення падаўся ёй богам, хацелася хутчэй пачынаць ратаваць людзей у яго камандзе і «зарабляць грошыкі». Натхнення дадавалі і падзеі ў асабістым жыцці. Вясной Віка сустрэла Мікіту і моцна закахалася. Калі да гэтага ў доктаркі-пачаткоўкі ўзнікалі думкі «а можа, з’ехаць у Германію», то тут з’явілася ўпэўненнасць, што трэба застацца і даць хлопцу шанец. У гэтым яна не прагадала: чалавек аказаўся класны, праз год пара ўзяла шлюб. А вось з працай выйшла іначай.
— Надыходзіць жнівень. Інтэрнатура. Літаральна за дзень мяне канкрэтна абламалі. Аказалася, загадчык далёка не такі салодкі. А яго калега з іншага адзялення — увогуле д’ябал. Як у фільмах, ён спрабаваў сутыкнуць інтэрнаў (нас было некалькі) ілбамі, — успамінае Вікторыя. — Не магу ўспомніць назву карціны, там шыхтавалі салдацікаў і казалі: «Вы все дерьмо». У нас было нешта накшталт гэтага. Але цяпер таму загадчыку я нават удзячная, бо чалавек адразу паказаў, як гэта ўсё працуе. Першыя два тыдні я хадзіла ў шоку, не ведала, што рабіць, што думаць. Было адчуванне, што ты цалкам залежыш ад іншых. Вышэй за цябе стаяць не толькі кіраўнікі, але і дактары з большым досведам. Нават тыя, хто нічога з сябе не ўяўляе, а трапляліся і такія. Нягледзячы на гэта, калі такі «прафесіянал» гаварыў: «Трэба скакаць», ты мусіла спытаць: «Як высока?» Вядома, калі б я цяпер туды трапіла, мне б ніхто нічога не сказаў. Але тады я была дзіцем.
Паводле Вікторыі, многія медыкі, з якімі яна перасяклася ў той перыяд, — крутыя спецыялісты. Яны чыталі «самую апошнюю і свежанькую» сусветную літаратуру пра сваю працу (усё гэта па-англійску), дзейнічалі паводле «апошніх гайдлайнаў» — інструкцый па працы з хворымі. Але як людзі амаль усе падаліся ёй не асабліва прыемнымі. Спачатку дзяўчына тлумачыла сабе гэта тым, што, «можа, я тупая і нечым правінілася». Потым прыйшла да высновы, што рэч усё ж не ў ёй. Яна кажа, што для інтэрнаў арганізавалі ў аддзяленні «гульню на выжыванне». Перамагчы ў ёй мусілі тыя, хто часцей за іншых бярэ начныя дзяжурствы. Галоўны прыз — пасля года «навучальнай працы» інтэрн застанецца ў гэтым аддзяленні, адным з самых крутых ва ўстанове.
— У нейкі момант я занялася сабатажам і перастала хадзіць на дзяжурствы, бо ў будучыні не хацела працаваць з гэтымі людзьмі, — як ёсць расказвае Вікторыя. — Знаёмыя дактары пачалі папярэджваць: «Асцярожна, а то цябе не возьмуць». Я адказвала: «Цудоўна». Там яшчэ былі рэаніматалагічныя аддзяленні, але не зорныя. Хацела туды, у нармальны калектыў. Бо тут былі адносіны як да робата. Як мне падалося, дзяліцца ведамі з маладымі ў тым асяроддзі было не прынята. Лічылася, што кожны мусіць усё штудыяваць сам. А калі інтэрн у нечым прасядаў, атрымліваў дозу пагарды.
У той жа час у тэхнічным плане ва ўстанове «было ўсё». Некалі Вікторыя наведала нямецкую клініку «Шарытэ». Паміж сябрамі сваю беларускую бальніцу яна называла «маё маленькае „Шарытэ“».
«Спыняла сябе: «Ну як гэта я перастану займацца медыцынай?»

Пасля інтэрнатуры «зорнае» аддзяленне засталося для Вікторыі ў мінулым. Яна трапіла ў звычайную рэанімацыю і там канчаткова зразумела: быць доктаркай — не яе. Ёй падабалася дапамагаць пацыентам, падтрымліваць іх родных, але перспектываў у медыцыне дзяўчына для сябе больш не бачыла.
— Для мяне гэта было балота. Я атрымлівала «па пяцьсот», і імавернасці, што сума павялічыцца, не было. Пра што можа марыць доктар? Стаць загадчыкам. Хочаш — працуй добра, хочаш — дрэнна, але зарплату будзеш атрымліваць як вайсковец — за выслугу гадоў, — дзеліцца назіраннямі суразмоўніца. — І вось ты імкнешся рабіць лепш і пры гэтым глядзіш на старэйшую калегу, якой абсалютна ўсё роўна на апошнія гайдлайны. Яна працуе так, як працавала шмат гадоў таму, і пры гэтым зарабляе больш. Вядома, грошы — гэта не адзіны фактар, але ёсць такая матывацыя.
На новым месцы калектыў быў прыемны «наколькі гэта магчыма». Але стаўленне кіраўніцтва да медыкаў Вікторыі таксама падавалася далёка не ідэальным. Загадчык адзялення быў як «маленькі бажок». Паводле жанчыны, выяўлялася гэта нават у дробязях. Напрыклад, супрацоўніку трэба было адпрасіцца на юбілей да бацькі. Чалавека безумоўна адпусцяць, але паведамяць пра «дабро» ў самы апошні момант, калі той ужо ў думках развітаецца з марай трапіць на свята. Але яшчэ цяжэйшым было тое, што ў працоўным графіку маладой доктаркі былі амаль адны начныя змены. З мужам яны, лічы, не перасякаліся. Ён на той момант працаваў у дзяржустанове паводле больш распаўсюджанага сярод беларусаў графіку — з 9.00 да 18.00.
— Тое, што мы рэдка бачыліся, было самым крытычным. Мы найлепшыя сябры, у нас хобі і ўсё такое, а пасля працы я прыязджала ў пустую кватэру. Я не разумела, як далей так жыць, — кажа Вікторыя. — Часта працавала ў суботы і нядзелі. Сустрэчы з сябрамі, сумесныя мерапрыемствы ішлі лесам. Паралельна з гэтым у галаве, як ратавальны круг, з’явіўся варыянт: «Ісці ў праграмаванне». Пра яго я ўспомніла яшчэ ў інтэрнатуры, калі ўсё пайшло не так, як хацелася. Вядома, я спыняла сябе: «Ну як перастану займацца медыцынай? Я гэта люблю». Але потым прыняла факт, што сябе і сваю сям’ю я люблю больш. Я не хачу згарэць, свецячы іншым.
Праз год Вікторыя звольнілася. З працоўнай кніжкай яна атрымала вялікі доўг, які мусіла выплаціць за год няскончанай адпрацоўкі. Жанчына просіць не называць дакладнай сумы, але для іх з мужам гэта былі вялікія грошы. Для прыкладу, у канцы 2023-га суд у Баранавічах суд пастанавіў, што інтэрн, які не прыехаў на размеркаванне, мусіць выплаціць дзяржаве больш за 50 тысяч рублёў. Каб аплаціць доўг за размеркаванне, пара «аддала ўсе зберажэнні». Тут былі і ўласныя ашчаджэнні, і тое, што падарылі ім на вяселле.
— Ніколі ніводнай капейкай Мікіта мяне не папракнуў. Нават потым, калі больш за год сядзела ў яго на шыі. Наадварот, заўсёды казаў: «Мы ўсё правільна робім, мы малайцы», — успамінае жанчына. — Гэта была сцяна для мяне. Калі накрывала, я да яго звярталася, і ён даваў мне долю ўпэўненасці. Магчыма, гэта не вельмі практычна, бо заўсёды трэба сумнявацца, але на той момант яно мне было патрэбнае.
«Думала, ну вось, зараз скажуць: «А пайшла б ты, дзяўчынка, лесам. У цябе двухтыднёвае немаўля, як ты будзеш працаваць»

План на новае жыццё, а дакладней, на яго пачатак у Вікторыі быў. Яшчэ ў інтэрнатуры яна пачала самастойна вывучаць асновы праграмавання, праходзіла бясплатныя анлайн-заняткі. Перад звальненнем падалася на курсы распрацоўшчыкаў у IT-кампанію, але заваліла суразмоўе. Не таму, што не хапала ведаў — проста не разумела, як сябе на такіх размовах правільна прэзентаваць. Недахопы падцягнула і праз два месяцы паўтарыла спробу. Цяпер водгукі былі добрыя.
— Яны мяне пыталі, чаму першы раз нічога не атрымалася. Што тут адкажаш? Проста затупіла, — смяецца жанчына. — Курсы мусілі пачацца пасля майго звальнення, але праз «карону» (каранавірус. — Заўв. рэд.) адклаліся. Потым захварэў выкладчык, у выніку мы пачалі толькі месяцаў праз пяць пасля першапачатковай даты. Увесь гэты час я, як чалавек адказны і беспрацоўны, цэлымі днямі падцягвала камп’ютарныя навукі. Што потым мне вельмі спатрэбілася.
У той перыяд маладая сям’я жыла на зарплату Мікіты. Яна складала тысячу рублёў. У пары была свая кватэра, што значна спрашчала фінансавую сітуацыію, плюс мужчына стараўся падпрацоўваць. Ён ставіўся да сітуацыі спакойна, жонка ж нервавалася. Так, яна штодзень самастойна займалася, але «выхлапу» ад гэтага не бачыла. Каб прыносіць у агульны бюджэт хоць нейкія грошы, з’явілася ідэя шыць бялізну ці, як варыянт, арандаваць машыну і падпрацоўваць таксісткай. «Ты што кукухай паехала?!» — спыняў яе муж.
— Калі пачаліся курсы, стала прасцей. Прайшло некалькі першых заняткаў, мяне хваляць, і тут мы даведваемся, што я цяжарная, — успамінае Вікторыя. — Я была абсалютна не гатовая, мы гэтага не планавалі. У мяне не проста не было працы — нават прафесіі не было, бо вярнуцца ў медыцыну на той момант мне здавалася самым страшным, што можна сабе ўявіць. Я не ведала, што рабіць, муж — таксама, але мы вырашылі ўшанаваць жыццё, раз яно зачапілася за гэты свет. Рабіць аборт падавалася зневажальным. Тым больш нам было дзе жыць, была машына, у Мікіты — праца.
Заняткі на курсах праходзілі некалькі разоў на тыдзень, але падрыхтоўка да іх займала ў Вікторыі шмат часу. Жанчына старалася, бо разумела: ёй «кроў з носа патрэбная гэтая праца».
— На жаль, цяжарнасць я, можна сказаць, прапусціла. Я не глядзела на жывоцік, не чакала малога, не чытала, як быць мамай, — кажа суразмоўніца. — У асноўным я глядзела ў комп і вучылася, вучылася, вучылася. У мяне была матывацыя. Разумела: калі народзіцца малое, будзе яшчэ цяжэй.
Анлайн-курсы доўжыліся тры месяцы, потым перапынак, і пачалася стажыроўка. На апошніх яе тыднях Вікторыя нарадзіла. Маладая мама так імкнулася займацца, што нават у радзільню паехала з ноўтбукам: спадзявалася, што там атрымаецца папрацаваць. Але не выйшла. Гэтая сітуацыя ніяк не паўплывала на добрыя вынікі, якія яна паказвала, і кампанія вырашыла даць ёй шанец. Уладкоўвацца жанчына паехала разам з мужам і двухтыднёвым дзіцем. Пакуль мама хадзіла ў офіс з паперамі, сям’я чакала яе ў машыне.
— Мы вырашылі, што з дачкой будзе сядзець свякроў. Яна пагадзілася. Але калі я ішла ўладкоўвацца, то думала схаваць, што стала мамай. Баялася, мяне не возьмуць, — як ёсць кажа Вікторыя. — У медыцыне ўсім загадчыкам заўсёды цікава: «Калі збіраешся нараджаць?» У кампаніі мяне ўсё ж папрасілі паказаць дакументы на дачку. Думаю, ну вось, зараз скажуць: «А пайшла б ты, дзяўчынка, лесам. У цябе двухтыднёвае немаўля, як ты будзеш працаваць?» Але выявілася, што палітыка ў арганізацыі такая: як спраўляцца з задачамі жанчыне-маме — яе справа. Яна дае вынік, і ніхто ніякіх пытанняў не задае. Для мяне гэта было шокам.
«Цяпер для мяне галоўная праца — гэта тое, што я мама»

Для Вікторыі хутка знайшоўся праект, куды яе ўзялі распрацоўшчыцай. Пяты год яна працуе ў гэтай кампаніі. Кажа, што тут камфортна і перад працай ніколі не плача. У IT яна не сутыкалася з прыніжэннем, а калі з’яўляюцца нейкія пытанні, то ведае, каму іх задаць.
— А яшчэ ў нас не прынята кагосьці абвінавачваць і цкаваць як шчанюка. Калі нешта здарылася, кажуць: «Так, гэта здарылася», — а не шукаюць, праз каго. Так ты адчуваеш сябе ў бяспецы, — апісвае абстаноўку на новым месцы жанчына. — Але я ніколі не шкадавала, што працавала ў рэанімацыі. У мяне ідэальна натрэніраваныя некаторыя скілы, бо ўсё спазнаецца ў параўнанні. Напрыклад, калі нехта скардзіцца, што ў офісе няма смачных ёгурцікаў, я з гэтага смяюся, бо — клас, няма людзей, якія паміраюць. Пасля пытанняў «Доктар, вы верыце, што я не памру?» ад цяжка хворага чалавека адказваць на пытанні «А якую вы хацелі б зарплату?» ці «Якой вы сябе бачыце праз пяць гадоў?» мне вельмі лёгка.
Ёсць і яшчэ шэраг адрозненняў. Напрыклад, у медыцынскіх калектывах, дзе працавала Вікторыя, было адчуванне, што «вы разам супраць аднаго ворага». Часам гэты вораг — хвароба (гэта найлепшы варыянт), а нярэдка — Міністэрства здароўя, загадчык ці няправільна аформленыя паперы. Такія сітуацыі вельмі аб’ядноўваюць калектыў. Гэта, з аднаго боку, здорава, з другога — дрэнна, бо становіцца цяжка сысці. У IT у яе іншы досвед. Тут людзі «проста працуюць разам». Калі нехта звольніцца, на яго месца прыйдзе іншы.
— Мне здаецца, гэта больш здаровыя адносіны, бо мы супрацоўнікі, а не сям’я, — дзеліцца меркаваннем суразмоўніца. — У медыцыне ж, калі збярэшся звальняцца, табе хутчэй за ўсё скажуць: «Ты здраджваеш прафесіі! А хто будзе працаваць?»
Да таго, што яна цяпер не ратуе свет, як марыла, калі імкнулася быць доктаркай, Вікторыя ставіцца спакойна.
— Мабыць, мне ўжо не так важна, што я не раблю такую працу, як у бальніцы, — голасам яна выдзяляе слова «такую». — Цяпер для мяне галоўная праца — гэта тое, што я мама. Калі я згару на рабоце, то што дам дачцэ? Я хаджу ў офіс, каб зарабіць грошы для сябе і сям'і, каб потым мы змаглі пайсці кудысьці з намётамі, разам прабавіць выходныя. Цяпер мне важна, каб мая праца ўбудоўвалася ў маё жыццё, а не жыццё падпарадкоўвалася працы.
Зарплата Вікторыю цяпер таксама задавальняе. Яна ў жанчыны разы ў чатыры большая, чым была ў яе доктарскім квітку. Але дом яны з мужам пакуль не пабудавалі. Прычына не ў фінансах. Сем’я дакладна не ведае, ці застанецца ў Беларусі. Прафесія і даход Вікторыі дазваляюць ёй працаваць анлайн. Цяпер над тым, каб пайсці ў IT, пачаў задумвацца і Мікіта. Жонка, калі што, лёгка гатовая падтрымаць яго фінансава.
У новай сферы Вікторыя адчувае сябе шчаслівейшай. Але не хавае: калі яны ўсё ж збяруцца з’язджаць, апастыль свайго медыцынскага дыплома яна зробіць. Магчыма, за мяжой яна калі-небудзь захоча вярнуцца ў дактары.
— Што трэба змяніць, каб людзі перавучваліся з праграмістаў на медыкаў? Па-першае, у медыцыне мусяць больш плаціць, — лічыць жанчына. — Па-другое, мне здаецца, трэба неяк ачалавечыць гэтую сферу. Што я маю на ўвазе… Знаёмыя з Германіі расказваюць, што там вельмі сочаць за станам самога доктара. Напрыклад, у нас можа быць такое, што чалавек працуе суткі, а потым выходзіць на «цёмную» змену і застаецца ў бальніцы яшчэ на восем гадзін. Працоўнае заканадаўства такога не дазваляе, і некаторыя адмаўляюцца. Але ёсць і тыя, хто праз кругавую паруку ў калектыве на гэта пагаджаецца, бо нехта ж мусіць працаваць. Там жа ты не можаш быць на працы больш за вызначаную колькасць гадзін за месяц. Па-трэцяе, калі нешта здараецца, у той жа Германіі ёсць псіхалагічная дапамога для дактароў. Яна супернеабходная. Ну і чацвёртае — важна, каб твае высілкі былі адпаведныя выхлапу: ты стараешся і табе ёсць куды расці.