Некалькі гадоў таму беларуска Аксана атрымала ў Нарвегіі від на жыхарства. Жанчына дагэтуль прывыкае да жыцця ў гэтай краіне, нейкія моманты ёй падаюцца пазітыўнымі, але многае і не падабаецца. Нядаўна нашая зямлячка атрымала новы, не вельмі радасны досвед — як пацыентка яна трапіла ў кардыялогію ўніверсітэцкай бальніцы Тронхейма. Яна расказала «Люстэрку», як у Нарвегіі аказваюць меддапамогу хворым і колькі гэта каштуе, а таксама пра ўмовы ў стацыянары, стаўленне медперсаналу, харчаванне і безліміт садавіны ў сталоўцы.
Наведванне доктара платнае, чакаць абследавання можна паўгода
Нашая зямлячка Аксана (імя гераіні змененае) некалькі гадоў жыве ў Нарвегіі, у яе від на жыхарства гэтай краіны. Вялікіх праблем са здароўем у жанчыны раней не было, і да дактароў яна звярталася нячаста. Аднак за час знаходжання ў гэтай краіне паспела зразумець, што сістэма аховы здароўя тут вельмі адрозніваецца ад беларускай.
Калі ў чалавека ўзнікае праблема са здароўем, то ў першую чаргу ён звяртаецца да сямейнага доктара. Прычым ісці трэба да дакладна прызначанага часу, тыповы для Беларусі варыянт «я на хвілінку, толькі спытаць» тут не пройдзе — чалавека проста не прымуць. Калі доктар палічыць, што стан чалавека не пагражае яго жыццю, то сам прызначыць яму лячэнне. Калі такое лячэнне не дапаможа, медык запіша пацыента да вузкага спецыяліста, але візіту да яго і дадатковых абследаванняў можна чакаць ад некалькіх месяцаў да паўгода, а часам і даўжэй. Праўда, ёсць магчымасць паскорыць гэта — звярнуцца да прыватнага доктара, але за кансультацыю давядзецца заплаціць не менш за 100−150 еўра (351−526 рублёў. — Тут і далей канвертацыя паводле курсу Нацбанка Беларусі на 12 красавіка).
— Мясцовыя дактары выпісваюць розныя таблеткі мінімальна, не кажучы ўжо пра антыбіётыкі. Тут усё скіраванае на тое, каб імунітэт чалавека даваў рады хваробе сам, медыкаментознае лячэнне толькі ў крайнім выпадку. Тыповае прызначэнне ад доктара для многіх пацыентаў — піць ваду, гуляць і адпачываць, — расказала Аксана.
Візіты да дзяржаўных дактароў платныя, наведванне сямейнага доктара каштуе прыкладна 170 крон (51 рубель), вузкага спецыяліста — каля 370 крон (111 рублёў). За кожны аналіз ці маніпуляцыю таксама трэба плаціць. Да прыкладу, агульны аналіз крыві каштуе каля 150 крон (45 рублёў). Але плаціць неабходна да акрэсленай мяжы — пакуль выдаткі на медыцыну (акрамя стаматалагічных паслуг, якія для большасці дарослых заўсёды платныя) не дасягнулі 3165 крон (957 рублёў). У гэтыя выдаткі ўваходзяць і транспартныя — каб дабрацца ў іншы горад да медыка і назад. Пасля дасягнення гэтай сумы ўсё лячэнне для пацыента робіцца бясплатным да канца года.
— Тут лічыцца, што самае важнае для здароўя — менш стрэсаваць. Дарэчы, я не заўважыла, што медыцына тут працуе на прафілактыку — вырашаецца праблема са здароўем па факце яе з’яўлення. А ў нарвежскіх бальніцах не ляжаць тыднямі, як у нас, толькі ў вельмі сур’ёзных выпадках.
Балела плячо, а западозрылі інфаркт
Нядаўна з Аксанай здарыўся той самы «сур'ёзны выпадак», праз які яна трапіла ў бальніцу на некалькі дзён.
— Пачала балець то адна рука, то другая. Боль аддаваў у грудзіну, шыю, потым вельмі моцна паміж лапатак, не адпускаў. Я не адчувала сябе такой ужо хворай, але ўсё ж зразумела, што гэта вельмі дзіўны стан, такога раней не было. Патэлефанавала ў мясцовую паліклініку, апісала свае сімптомы, і мне ў той жа дзень прызначылі сустрэчу з доктарам, хоць звычайна візіту можна чакаць некалькі дзён.
У паліклініцы Аксане памералі ціск, зрабілі кардыяграму, аналіз крыві. Пасля гэтага доктар паведаміў, што нічога страшнага не бачыць, але ўсё ж сімптомы яго насцярожваюць, а таму пацыентцы трэба тэрмінова ехаць у аддзяленне неадкладнай дапамогі ўніверсітэцкай бальніцы Тронхейма — там правядуць глыбокае абследаванне. Ніякага скіравання, дадатковых папер на рукі беларусцы не выдалі — інфармацыя адправілася ў бальніцу праз сеціва.
— Я вырашыла паехаць у бальніцу на аўтобусе — надвор’е было добрае, вырашыла прагуляцца. Думала, што ў бальніцы мне зробяць нейкія мінімальныя даследаванні, і я паеду дадому.
Спярша Аксану змясцілі ў аддзяленне, дзе аказваюць першую меддапамогу, яго профіль — лёгачна-сардэчныя захворванні. Беларуска расказала, што гэта было памяшканне кшталту нашага прыёмнага пакоя, толькі пацыенты не сядзяць на кушэтках у калідоры, чакаючы медыцынскага рашэння, а знаходзяцца ў адсеках, раздзеленых мабільнымі перагародкамі. У гэтым аддзяленні пасля першаснага абследавання дактары вырашаюць, што рабіць з пацыентам: адпусціць дадому ці шпіталізаваць. Жанчына адзначыла, што там было вельмі шмат медперсаналу, усе мітусіліся, усюды было шмат розных прыбораў, нейкія экраны з графікамі.
— Мяне пасадзілі ў спецыяльнае крэсла, вакол яго былі розныя апарацікі. Падключылі мяне да розных датчыкаў, якія бесперапынна вымяралі сардэчны рытм, ціск і іншае. Зноў бралі кроў. Пастаянна пыталіся, ці зручна мне, ці трэба нешта, можа, вады ці ў прыбіральню.
Аксану абследавалі каля пяці гадзін, пасля чаго паведамілі, што яна застаецца ў бальніцы — дактарам не спадабаўся аналіз крыві пацыенткі, і яны вырашылі высветліць, што адбываецца з яе арганізмам. Былі падазрэнні, што ў яе здарыўся інфаркт.
«Толькі ў нас, каб памыць падлогу, санітарка можа ўварвацца ў палату, дзе спяць людзі»
Жанчыну перавезлі на вазку ў палату, прызначаную для аднаго чалавека.
— Пакой быў падобны да звычайнага нумара ў гатэлі, толькі розныя медыцынскія прыборы казалі пра тое, што гэта бальніца. Там былі добры рэгуляваны ложак, стол, крэсла, тэлевізар, ракавіна. Прыбіральня і душ тут жа, санвузел адзін на дзве палаты — з кожнай асобны ўваход. Прычым калі ў прыбіральні знаходзіцца мой сусед, то я зайсці туды не магу, і наадварот.
Усе неабходныя для пацыентаў туалетныя рэчы дала бальніца — мыла, шампунь, зубную пасту і шчотку, туалетную паперу, ручнік. Крыху пазней блізкія беларускі прывезлі ёй з дому неабходную вопратку і тэпці.
— Калі мне трэба было ехаць на абследаванне, я надзявала спецыяльную бальнічную начнушку з завязкамі і аднаразовыя майткі. Прычым хадзіць мне не дазвалялі — усюды вазілі. Пакуль мы пераязджалі па бясконцых калідорах-лабірынтах, я круціла галавой ва ўсе бакі і зразумела, што бальніца — гэта велізарны сучасны горад, які злучае карпусы пераходамі. У акно бачыла, што тэрыторыя побач вельмі дагледжаная — сцежкі, паркавыя зоны. Дарэчы, там ёсць нават верталётная пляцоўка, штодня на яе па 3−5 разоў прызямляўся верталёт — дастаўлялі пацыентаў.
Знаходзячыся ў палаце, пацыентка магла выклікаць да сябе медсястру, але неабходнасці ў гэтым не было. Да таго ж медперсанал не забываўся на хворую і некалькі разоў на дзень зазіраў да яе ў палату, але не толькі каб зрабіць нейкія неабходныя маніпуляцыі, а проста спытаць, ці ўсё ў яе добра. Жанчына, што прыходзіла мыць падлогу ў пакоі, кожны раз стукала ў дзверы, перш чым зайсці, прычым пацыенты могуць адмовіцца ад прыборкі.
— Сітуацыя, калі санітарка можа ўварвацца раніцай у палату, дзе спяць людзі, запаліць святло і пачаць мыць падлогу, можа быць толькі ў нас. Такое стаўленне да пацыентаў у бальніцы ненармальнае, я заўсёды гэта разумела. У Нарвегіі ж усё максімальна карэктна. Памятаю, ноччу ў мяне ад цела адарваўся датчык, звесткі з якога выводзяцца на пост, і да мяне прыйшла медсястра. Яна ціхенька, не ўключаючы святла, каб не будзіць мяне, нахілілася, каб паправіць прыбор, а потым ціха, як мышка, пайшла.
На абед толькі суп, затое безліміт садавіны, напояў і мёду
Пацыенты аддзялення елі чатыры разы на дзень, для гэтага яны наведвалі сталоўку, размешчаную побач на паверсе. У памяшканні стаялі міні-столікі з крэслам на аднаго чалавека. На сняданак прапаноўвалі падабенства шведскага стала, толькі асартымент прадуктаў быў не вельмі вялікім.
— Гэта былі традыцыйныя лёгкія стравы — ёгурты, сыр, малако, мюслі, яйкі і іншае, таксама напоі — пакетаваны чай з рознымі смакамі, фільтр-кава (прычым звычайная, а не якая-небудзь без кафеіну). Але ежы ўсім хапала, тым больш што там былі ў асноўным людзі, старэйшыя за 70 гадоў, з сур’ёзнымі праблемамі, ім было зусім не да балявання.
На абед пацыентам часцей за ўсё прыносілі толькі суп, вячэра таксама была лёгкая. Заўсёды ў доступе былі садавіна (бананы, яблыкі, грушы), а таксама чай, кава, вада, мёд, малако, вяршкі, цукар.
Лячэнне — жыць без стрэсу і гуляць на паветры
— Знаходзячыся ў бальніцы, я ўвесь час дзівілася створаным там умовам. Медыкі не крычаць на пацыентаў, наадварот, усмешлівыя і заўсёды гатовыя дапамагчы. Пацыенты скардзяцца на боль, але не пырскаюць слінай на персанал, не пагражаюць звальненнем ці скаргамі некуды вышэй, як гэта часта бывае ў нас. Вось менавіта да такога трэба імкнуцца і ў Беларусі.
У стацыянары Аксана прабыла пяць дзён — для Нарвегіі гэта даволі доўгі тэрмін. Жанчына кажа, што за гэты час яе сэрца, лёгкія і сасуды вывучылі дасканала. На шчасце, інфаркт у яе не пацвердзіўся, вызначылі, што гэта міякардыт — запаленне сардэчнай мышцы. Выпісалі беларуску з рэкамендацыямі не стрэсаваць, нетаропка гуляць на паветры не менш за гадзіну на дзень, прапісалі мінімум медыкаментаў, прычым безрэцэптурных.
— Я не ведаю, у колькі абышлося маё ўтрыманне ў бальніцы, але думаю, што гэта значная сума. Упэўненая, што адведзеныя 3165 крон я перавысіла. Пакуль ніякай інфармацыі на гэты конт я не атрымлівала.
Дзякуй, што дачыталі гэты матэрыял! «Люстэрка» не спрабуе паказаць, дзе «ўсё кепска», а дзе «ўсё добра» (у адрозненне ад прапаганды). У нас больш складаная місія: сумленна расказаць пра жыццё беларусаў унутры краіны і за мяжой, пра яе плюсы і мінусы, пра непазбежныя цяжкасці і страхі.
Дапамажыце нам працаваць далей
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.