Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэння ў вайсковым блоку. Адпаведныя ўказы ён падпісаў 9 лютага, паведамляе прэс-служба.
Палкоўніка Вадзіма Раманіва прызначылі начальнікам сувязі Узброеных сіл — начальнікам упраўлення сувязі Генеральнага штаба. На пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання прызначаны палкоўнік Дзмітрый Бітны.
Лукашэнка таксама вызваліў генерал-маёра Ігара Караля ад пасады першага намесніка начальніка Генеральнага штаба і звольніў яго з вайсковай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.
Ігар Кароль быў прызначаны першым намеснікам начальніка Генштаба 21 лютага 2020 года. Раней ён займаў пасаду намесніка начальніка Генштаба па баявым кіраванні.
У траўні 2021 года Кароль у эфіры тэлеканала СТБ расказваў, як напярэдадні выбараў 2020 года Паўночнаатлантычны альянс спрабаваў стварыць «пэўную нестабільнасць» у памежжы з Беларуссю, але падступным планам Захаду «трошачкі перашкодзіла пандэмія».
У лістападзе мінулага года Кароль на сустрэчы прадстаўнікоў сілавога блока з актывам Наваполацка і працоўнага калектыву ААТ «Нафтан» заклікаў супрацьстаяць «навязванню ілжывых ідэалаў і ігнараваць дэструктыўныя выпады звонку».
Ён таксама абвінаваціў Еўрасаюз у падрыхтоўцы да вайны, а расійскую ўзброеную агрэсію супраць Украіны называў «сучаснай версіяй проксі-вайны супраць Расіі».
Акрамя таго, на той сустрэчы Ігар Кароль адзначыў, што «дэструктыўныя сілы Захаду імкнуцца развязаць у Беларусі грамадзянскую вайну, кідаючы на падрыхтоўку сілавых груп і інфармацыйную вайну немалыя фінансавыя сродкі».