Нацбанк ацаніў уразлівасці фінансавай стабільнасці ў Беларусі і лічыць, што банкі ўстойлівыя да патэнцыйных рызык. Пра гэта гаворыцца ў гадавой справаздачы рэгулятара.
Банкаўскі сектар у Беларусі мае пэўны запас трываласці, буйныя банкі змогуць падтрымаць эканоміку нават пры ўмове рэалізацыі негатыўнага сцэнара, паказала макраэканамічнае сцэнарнае стрэс-тэставанне ўстойлівасці банкаўскага сектара, якое праводзілася ў 2023 і 2024 гадах.
Эксперты Нацбанка акрэслілі тры імаверныя сцэнары. Пры базавым меркавалася захаванне макраэканамічных тэндэнцый у свеце і ў Беларусі. У гэтым выпадку чакаўся рост эканомікі сёлета на 3,1%, інфляцыя на ўзроўні 6% і аслабленне рубля да даляра на 10,7%. Другі — сцэнар умеранага шоку — прадугледжваў падзенне эканомікі на 3%, зніжэнне курсу рубля да даляра на 15% і інфляцыю 8,5%. А трэці — сцэнар моцнага шоку — зніжэнне ВУП на 9%, курсу рубля да даляра на 30%, а інфляцыю — 10,5%.
Эксперты прыйшлі да высновы, што пры любым з іх у банкаў будзе ўсё добра з капіталам, але ў сцэнары моцнага шоку некаторым з іх можа спатрэбіцца падтрымка.
У цэлым банкі здольныя супрацьстаяць магчымым шокам. У выпадку рэалізацыі негатыўных сцэнараў самымі ўразлівымі банкі будуць да шокаў крэдытнай рызыкі (то-бок нявыплат па крэдытах).
Чытайце таксама


