Нацбанк выпускае ў абарачэнне памятныя манеты «Беларускі рубель. 30 гадоў», паведамляе прэс-служба рэгулятара.
З 5 ліпеня ў абарачэнні з’явіліся прамавугольныя памятныя манеты да 30-годдзя рубля.
Манеты ёсць рознага наміналу і кошту. Сярод іх залатая манета наміналам 30 рублёў вагой два грамы і пробай 999. Такіх манет выпусцілі дзесяць тысяч.
Таксама ёсць срэбная на 30 рублёў. Яе маса — пяць грамаў, проба — 999. Тыраж гэтай манеты — 20 тысяч.
Манеты часткова капіююць 30-рублёвую купюру. На адваротным баку напісаныя гады 1994−2024. Рэверс упрыгожвае будынак Нацбанка. Яны адчаканеныя якасцю «пруф-лайк».
Выпушчаныя ў абарачэнне манеты — законны аплатны сродак і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце падчас усіх відаў плацяжоў без усялякіх абмежаванняў, удакладняе рэгулятар.
Характэрна, што ўласныя банкноты Нацбанк выпусціў у траўні 1992 года — тыя самыя «зайчыкі». Спачатку яны былі ва ўжытку паралельна з савецкім, а потым з расійскім рублём, якія лічыліся асноўнай грашовай адзінкай, піша Нацбанк.
У траўні 1994 года пастановай Нацбанка беларускі рубель стаў адзіным аплатным сродкам на тэрыторыі краіны.
Чытайце таксама