8 сьнежня ўрад Беларусі ў адказ на санкцыі заходніх краін увёў шэраг мер, якія абмяжоўваюць імпарт прадуктаў харчаваньня з краін, якія ўводзілі санкцыі адносна Беларусі. Аднак, судзячы па ўсім, гэта не адзіныя контрсанкцыі, да якіх зьвярнуўся беларускі бок.
Затрыманьне вядомых прадстаўнікоў замежных кампаній — А1, Hyundai, EPAM — можна разглядаць проста як пашырэньне кола ўнутраных рэпрэсій. Але можна — і як пралёг ці нават пачатак выгнаньня з краіны замежнага капіталу.
Гаворка ідзе пра затрыманьне прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева, начальніка аддзелу маркетынгу кампаніі «Hyundai Автоград» Сяргея Бабашкова і галоўнага бізнэс-аналітыка IT-кампаніі ЕРАМ Дзяніса Насуры.
Неўзабаве пасьля іх затрыманьня ў праўладных ТГ-каналах зьявіліся іх пакаянныя відэаролікі, ролікі Брэдзелева і Бабашкова зьмяшчалі інфармацыю аб іх інтымным жыцьці.
Любоў беларускіх праваахоўнікаў да падобных «пакаяньняў» — наогул цікавы фэномэн. Для ўсяго сьвету такі жанр — сьведчаньне толькі аднаго: зьверскіх катаваньняў — псыхалягічных або фізычных, якім падвяргаюцца людзі, якія агучваюць гэтыя «прызнаньні».
Ні аб чым іншым гэтая відэапрадукцыя ня сьведчыць, а пра гэта — адназначна і нядвухсэнсоўна. «Так, катуем, любога чалавека можна зламаць, мы гэта робім і ганарымся гэтым» — менавіта гэта і толькі гэта дэманструюць падобнымі сюжэтамі беларускія сілавікі.
Тут, вядома, багаты досьвед, пераемнасьць, непарушная сувязь пакаленьняў. Напрыклад, сакратар ЦК кампартыі Беларусі Васіль Шаранговіч на працэсе 1937 года «прызнаваўся» у тым, што па заданьні польскай разьведкі труціў калгасных сьвіньняў і коняў.
«Пакаяньні» Брэдзелева, Бабашкова і Насуры ад тых «пакаяньняў» Шаранговіча не адрозьніваюцца роўна нічым.
Але ў іх выпадку ёсьць і дадатковыя, а можа і найважнейшыя мэты.
У чэрвені бягучага году прэм’ер Раман Галоўчанка зрабіў вельмі паказальную заяву: Я спадзяюся, што гарачыя галовы астудзяцца хаця б у інтарэсах свайго бізнэсу ў Беларусі. Калі прычыняюць шкоду нашым кампаніям, нашым прадпрыемствам — мы што, не маем права прычыніць шкоду заходнім кампаніям? Гэта адказ, да якога нас змушаюць … 140, Нідэрлянды -72) — і гэта гаворка ідзе толькі пра буйныя кампаніі… Вядома, мы будзем змушаныя пераключацца, сыходзіць ад заходніх тавараў і тэхналёгіяў — і гэтыя краіны страцяць наш рынак".
Ну вось «прычыненьне шкоды заходнім кампаніям» і «пераключэньне» і адбываецца — шляхам арыштаў і публічнага прыніжэньня мэнэджэраў гэтых кампаніяў і саміх кампаніяў.
Прычым, тут нават два шляхі дасягненьня мэты. Адзін — пазначаны ў ТГ Рыгора Азаронка і таму падобных інфармрэсурсах: А1 — тэрарысты, нацыяналізаваць іх бізнэс. Ці пойдзе беларуская ўлада менавіта гэтым шляхам — гэта ня розуму Азаронка справа. Але ён сваімі гарачымі філіпікамі пазначае, што такі варыянт не выключаны.
А іншы шлях — рэпутацыйны, праз рашэньне саміх заходніх кампаній. Насуперак распаўсюджаным меркаваньням, Захад гандлюе і інвэстуе ў значнай ступені ўнутры сябе. І, скажам, аўстрыйская A1 Telekom Austria Group, уладальнік беларускай А1 — яна ж робіць інвэстыцыі па ўсім сьвеце, у Эўропе ў тым ліку.
Да арышту і прыніжэньня Мікалая Брэдзелева гэтая кампанія магла ў сябе на радзіме і ў іншых краінах ЭЗ, дзе ў яе ёсьць інвэстыцыі, тлумачыць: Мы па-за палітыкай, business as usual, палітычныя праблемы краінаў, у якія мы інвэстуем, нас не тычацца. Цяпер не па-за, цяпер не usual, цяпер тычацца.
І калі кампаніі, прыніжаныя ў Беларусі, захаваюць свой бізнэс у гэтай краіне, то гэта адгукнецца вельмі непрыемным для іх рэпутацыйным рэхам у іншых, больш цывілізаваных краінах, дзе ў іх таксама ўкладзеныя грошы.
Тэма сэксуальнай арыентацыі Брэдзелева і Бабашкова, якая прысутнічае ў іх «прызнаньнях» — гэта дадатковае прыніжэньне, дадатковая рэпутацыйная шкода кампаніяў, у якіх яны працуюць, дадатковы матыў для гэтых кампаній сыходзіць з краіны, дзе такое магчыма.
Рэпутацыя — гэта для бізнесу таксама актыў, нярэдка і больш дарагі, чым самі па сабе грошы.
Ну і арышт мэнэджэраў трох кампаніяў — гэта сыгнал усёй супольнасьці заходніх інвэстараў у Беларусь. Заўтра прыйдуць і па вашых менэджэраў, заўтра «апусьцяць» і іх, і вас. Яно таго вартае?
І праграма Галоўчанкі, сфармуляваная ў чэрвені, будзе рэалізаваная натуральным чынам, рашэньнем саміх інвэстараў.
Рашэньнем тым больш натуральным, што Беларусь — не Расея і не Кітай. Для любога заходняга інвэстара беларускі кірунак — гэта мізэр у сусьветным маштабе. Грошай, вядома, шкада, нават невялікіх, але рэпутацыя даражэй прынамсі невялікіх грошай.
Не выключаю, што нейкія ўмоўныя «галубы» у беларускім кіраўніцтве былі супраць такой камбінацыі: на іх думку, крамолу душыць можна і трэба, але ўсё ж замежныя інвэстыцыі — таксама справа важная і патрэбная. Але іншыя сілы стварылі fait accompli (які адбыўся факт).
Зрэшты, магчыма, не варта ўскладняць. Галоўчанка (а насамрэч — Лукашэнка) сфармуляваў мэту. Яна рэалізуецца ўсёй дзяржаўнай сыстэмай. Сам ён, зразумела, нікога не катаваў, але на тое ёсьць вельмі кваліфікаваныя і кампэтэнтныя выканаўцы.
Ні Сьвятлане Ціханоўскай, ні Паўлу Латушку і не сьнілася моц, даступная сьціплым супрацоўнікам ГУБАЗіКу, па стымуляваньні сыходу з Беларусі заходняга бізнэсу.