Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які рэгулюе у тым ліку пытанне адчужэння маёмасці асобаў з «недружалюбных» краін. Гэтым дакументам сярод іншага вырашылі праблему, з якой сутыкаліся некаторыя беларусы. Так, людзі траплялі ў пастку — не маглі аформіць нерухомасць ва ўласнасць пасля выплаты крэдытаў.
Як беларусы траплялі ў пастку праз указ Лукашэнкі і як цяпер ліквідавалі гэты прабел
У кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка выпусціў указ, якім увёў змены па адчужэнні ўласнасці для кампаній з капіталам з «недружалюбных» краін: пасля продажу бізнесу ўласніка абавязалі пералічваць у дзяржказну 25% ад аб’ёму ўгоды.
Праз гэты ўказ уладальнікі новабудоўляў ад «Дана Астра» траплялі ў пастку: яны не могуць аформіць іх ва ўласнасць пасля выплаты крэдытаў. Гэта закранула тых, хто набыў нерухомасць — не толькі кватэры, але і паркавальныя месцы, і кладоўкі — у комплексах «Мінск Мір» і «Маяк Мінска».
Цяперашні ўказ Аляксандра Лукашэнкі ліквідуе гэты пабочны эфект ад уведзеных раней контрсанкцый супраць «недружалюбных» краін. У дакуменце прапісана, што не патрабуецца атрыманне дазволу і выплата ўнёску ў дзяржказну падчас адчужэння нерухомасці забудоўшчыкамі на карысць фізічных асобаў.
«Памятаеце, тыя, хто выплаціў растэрміноўку забудоўшчыку, зарэгістраванаму ў „недружалюбнай краіне“, па паўгода не маглі зарэгістраваць правы на кватэру? Асабліва шмат такіх было ў „Даны“, чые кампаніі, да здзіўлення многіх, аказаліся зарэгістраваныя на недружалюбным Кіпры. Цяпер пытанне вырашанае», — адзначыла ў сваім тэлеграм-канале экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская.
Што яшчэ мяняе новы ўказ Лукашэнкі
Ва ўказе прапісалі, што калі банкі атрымаюць маёмасць ад кампаній-даўжнікоў з «недружалюбных» краін, то ім не трэба будзе атрымліваць дазвол на адчужэнне і рабіць унёсак у 25% ад сумы ўгоды, калі яны будуць перапрадаваць яе.
Таксама новым указам Лукашэнкі адрэгулявалі сітуацыі што да здавання ў арэнду або лізінг маёмасці, якая належыць інвестарам з «недружалюбных» краін.
Чыноўнікі таксама прапісалі, што можна аформіць дзяржрэгістрацыю на нерухомасць, па якой пачалі афармляць угоды да 23 кастрычніка мінулага года, калі запрацавалі новаўвядзенні па адчужэнні ўласнасці для кампаній з капіталам з «недружалюбных» краін.
Яшчэ ўлады ўнеслі змены па адчужэнні маёмасці кампаніямі, якія праходзяць банкруцтва, — ім таксама не трэба будзе выплачваць унёсак.
Нагадаем, на нарадзе з урадам 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што меры па супрацьдзеянні вываду капіталу з Беларусі павінныя ўключацца вокамгненна. Тады ж палітык нагадаў, што яму на разгляд быў вынесены праект указа, якім прапануецца ўвесці шэраг навацый у сферы ацэначнай дзейнасці, а таксама ў выпадках продажу маёмасці ўласнікамі з «недружалюбных» краін.
— Цяпер у Беларусі працуюць сотні арганізацый, якія маюць права праводзіць ацэнку розных матэрыяльных каштоўнасцяў. Тут, як і ў іншых сферах эканомікі, павінныя працаваць выключна высокапрафесійныя эксперты, якія могуць аказаць якасныя паслугі. Што называецца, з добрай рэпутацыяй, якім дзяржава і людзі могуць давяраць правядзенне ацэнкі. Толькі аб’ектыўна праведзеная ацэнка дазваляе прымаць слушныя кіраўнічыя рашэнні. Тым больш калі гэта датычыць рыначнага кошту дзяржаўнай (лічы, народнай) маёмасці ці будучых даходаў бюджэту, — падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўнае агучанае палітыкам патрабаванне да навацый — празрыстасць і кантралявальнасць.
— Урад прапануе праяўляць больш гнуткасці (не ведаю, колькі тут яшчэ можна нагінацца) у пытаннях продажу маёмасці замежнікамі з недружалюбных дзяржаваў і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма. Не магчыма ніколі. Але ўрад мяркуе, што немагчыма, але калісьці, у нейкіх момантах, магчыма. Паслухаем у якіх, — адзначаў Лукашэнка.
Чытайце таксама