Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  2. «Боюсь, ночью может начаться мародерство». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  3. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  4. Памятник протесту в центре Минска. Вспоминаем, как весь город вышел на улицы требовать освобождения политзаключенных — и попал под огонь
  5. «Операции могут быть приостановлены». Один из банков предупредил клиентов, что лучше сообщать о поездках за границу
  6. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  7. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  8. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  9. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  10. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  11. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  12. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  13. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  14. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  15. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
Читать по-русски


Раніцай 5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніцамі актыву Беларускага саюза жанчын. Мы ўжо пісалі, што на мерапрыемстве сярод іншага закраналася тэма рэжыму працы дзіцячых садкоў: нібыта яе падладзяць пад бацькоў. Але, акрамя абяцанняў, якія хоць неяк адносяцца да практыкі, Лукашэнка казаў шмат — як, мабыць, яму здавалася — прыемных і важных словаў пра беларусак. У выніку атрымалася прамова, прасякнутая сэксізмам, супярэчнасцямі і скажэннем фактаў, — вось чаму.

Республиканский женский форум «За Беларусь» в поддержку Александра Лукашенко, проведенный в «Минск-Арене», Минск, 17 сентября 2020 года. Фото: TUT.BY
Рэспубліканскі жаночы форум «За Беларусь» у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, праведзены ў «Мінск-Арэне», Мінск, 17 верасня 2020 года. Фота: TUT.BY

Улады літаральна закідваюць беларусаў ілжывымі і супярэчлівымі тэзісамі. Мы хочам, каб ім не ўдалося падмяніць рэальнасць хлуснёй.

Дапамажыце нам і далей супрацьстаяць дэзінфармацыі (клікніце на гэты тэкст 👀)

«Люстэрка» працуе для беларусаў ужо больш за два гады. Актуальныя навіны і аналітыка даступныя мільёнам унікальных карыстальнікаў у месяц. Не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.

Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, вы можаце падтрымаць рэдакцыю фінансава і зрабіць свой унёсак у захаванне незалежнай журналістыкі.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.

Нахлусіў пра рэальны стан справаў з правамі і магчымасцямі для ўсіх

«Беларускія жанчыны — сапраўдныя працаўніцы. < … > Няма тых вышыняў, якіх не дасягнулі б вы, беларускі», — заявіў Лукашэнка. Пасля чаго дадаў, што «размовы пра гендарную няроўнасць для Беларусі неактуальныя».

З першай часткай выказвання цяжка спрачацца, аднак насамрэч у прыродзе працагалізму беларусак няма нічога добрага. Гендарная даследчыца і экс-загадчыца кафедры БДУ Ірына Сідорская тлумачыла: для таго каб жанчыне сумленна пабудаваць кар’еру ў нашай краіне, ёй трэба працаваць у два разы больш, чым мужчынам.

Апошнім усё яшчэ аддаецца перавага ў прыёме на службу і павышэнні: у вачах многіх кіраўнікоў з такімі ж, як яны, «прасцей працаваць», а яшчэ мужчыны «наўрад ці будуць марнаваць час на выхаванне дзяцей». Моцныя ў нашым грамадстве і стэрэатыпы: згодна з апытаннем 2023 года, толькі каля траціны беларусаў вераць, што жанчына здольная быць эфектыўнай кіраўніцай. Адпаведна, каб даказаць адваротнае, жанчыны і вымушаныя рабіцца «працаўніцамі».

— Калі мы наўпрост гаворым пра размеркаванне ўлады, мяркуецца, што мужчына мусіць быць галоўнейшы. То-бок для мужчыны сказаць, што жанчына можа быць паспяховым кіраўніком, — гэта заявіць, што жанчына можа быць менавіта яго паспяховым кіраўніком, а ён будзе недастаткова добры для гэтай ролі. І гэта ўжо неяк цяжка прыняць. Вяртаемся ў гісторыю: часткай мужчынскай сацыялізацыі заўсёды была канкурэнцыя, да якой прывучаюць з самага дзяцінства. І калі пасаду адбіў мужчына — гэта ўпісваецца ва ўяўленні пра звыклую канкурэнцыю. Але калі туды ўкліньваецца жанчына, з гэтым ужо цяжэй змірыцца, — тлумачыла, чаму так склалася, даследчыца Лена Агарэлышава.

Акрамя таго, пасля заканчэння працоўнага дня жанчын чакае не адпачынак, а так званая другая занятасць — хатняя праца. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі Белстата, жанчыны ў будні дзень выдаткоўваюць амаль 4,5 гадзіны на «вядзенне хатняй гаспадаркі, уключаючы догляд дзяцей». Мужчыны ж займаюцца гэтым нашмат менш — усяго дзве гадзіны.

Вядома, тут лёгка запярэчыць: маўляў, праблема вырашаецца проста — хай жанчыны дэлегуюць уборку, гатаванне, а таксама навучанне дзяцей сваім партнёрам. Напэўна, многія і радыя былі б так зрабіць, аднак гэтага не адбываецца ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах свету (нават у Скандынавіі, якая дасягнула, мабыць, самага прыкметнага прагрэсу на дарозе да раўнапраўя). Больш за тое, ёсць даследаванні, якія паказваюць: зарплаты мужа і жонкі ніяк не ўплываюць на тое, як размяркоўваюцца хатнія абавязкі, — большасць з іх усё роўна выконвае жанчына.

Нават з ужо названых аргументаў зразумела, што размовы пра гендарную няроўнасць у Беларусі акурат вельмі актуальныя, як бы Лукашэнка ні спрабаваў давесці нам адваротнае. Але і гэта яшчэ не ўсё — асобнай увагі заслугоўвае фраза пра тое, што «вышыняў, якіх не дасягнулі беларускі, няма». У рэальнасці ж іх нямала.

Толькі адно з 24 міністэрстваў Беларусі ўзначальвае жанчына — Ірына Касцевіч (праўда, днямі яна мусіць пакінуць пасаду, бо стане дэпутаткай). І тое гаворка ідзе пра ведамства, адказнае ў тым ліку за сацыяльную абарону, то-бок за тую галіну, якая традыцыйна лічыцца жаночай. Сітуацыя значна лепшая не толькі ў скандынаўскіх Нарвегіі і Ісландыі, але і, напрыклад, у Іспаніі: там ва ўрадзе жанчын наогул больш.

Да сілавога блоку жанчын у прынцыпе не падпускаюць. Усе міністры абароны Беларусі былі мужчынамі, тое самае датычыць кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў. З 19 месцаў у Савеце бяспекі Беларусі 18 таксама занятыя мужчынамі, хоць не ўсе з іх пасадаў адносяцца да вайскова-сілавога блоку. Адзінае выключэнне — старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

І гэта мы яшчэ не закраналі тэму разрыву аплаты працы, якая ў апошнія гады трымаецца на ўзроўні 26−28%. Па сутнасці, як пісала Ірына Сідорская, гэта азначае, што з канца кастрычніка і да пачатку наступнага года жанчыны, у адрозненне ад мужчын, працуюць бясплатна.

Сцёр асобу жанчын і звёў іх ролі да сэрвісных аб’ектаў

Лукашэнка не забыў нагадаць і пра «сапраўднае прызначэнне жанчыны на зямлі» — мацярынства. «Я казаў і яшчэ раз паўтару: вы [беларускі] нашая самая эфектыўная дыпламатычная зброя», — таксама сказаў палітык. А ў канцы сустрэчы папрасіў: «Заставайцеся для нас, мужчын, надзейным тылам».

Усе гэтыя выказванні яскрава паказваюць, што для Лукашэнкі і ягонай дзяржавы жанчына патрэбная толькі для выканання пэўных функцый. То-бок чалавека (у гэтым выпадку — жанчыну) аб’ектывуюць — успрымаюць як аб’ект ці рэч, а не як асобу. Актывістка Юлія Міцкевіч ужо тлумачыла «Люстэрку», чым небяспечная такая з’ява.

— То-бок іх [жаночыя] жаданні не ўлічваюцца, у адрозненне ад патрэбаў мужчыны. Жанчына ўспрымаецца як аб’ект, які можа задаволіць сэксуальныя патрэбы, жаданні, фантазіі і гэтак далей, — тлумачыла яна. — <…> Яны [прадстаўнікі ўлады і прапагандысты] ж не кажуць пра тое, якімі жанчыны самі хацелі б быць. Ніхто з іх не сказаў, што ў нас ёсць права выбару і наогул асоба.

Асобна варта адзначыць, што Лукашэнка зноў шмат увагі надаваў жаночай прыгажосці, калі пералічваў вартасці беларусак. На першы погляд здаецца, што нічога кепскага ў гэтым няма. Але варта толькі выкарыстоўваць прыём «пераварочвання» сітуацыі (што таксама прапаноўвала Міцкевіч) — як адразу робіцца зразумелым, ці дарэчы рабіць тыя ці іншыя каментары.

Цяжка ўявіць, каб Лукашэнка на сустрэчы з сілавікамі мімаходзь расказваў міністру абароны Віктару Хрэніну і кіраўніку МУС Івану Кубракову пра тое, якія яны прыгожыя. Гэтак жа, як і цяжка ўявіць, каб заходнія мужчыны-палітыкі звярталіся да сваіх грамадзян, згадваючы пра іх выключныя знешнія дадзеныя.

Загазлайціў народ, «забыўшыся» на жанчын, якія ўжо дамагліся поспехаў у палітыцы і не толькі

Газлайтынг — адна з формаў псіхалагічнага гвалту, калі адзін чалавек прымушае іншага (або іншых) сумнявацца ў іх уласных успамінах, успрыманні рэальнасці, адэкватнасці, здольнасцях і гэтак далей.

«Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я думаў: а чаму вы [Беларускі саюз жанчын] дагэтуль не сталі партыяй? Не-не, я вас не штурхаю да гэтага. Вы ведаеце маё стаўленне да партыйнага будаўніцтва: усё мусіць быць натуральна, усё мусіць саспець. Ніякіх там праўладных і іншых партый — партыі павінныя выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды хочам, каб у будучыні ў нас былі сапраўдныя партыі», — сказаў Лукашэнка.

З гэтых словаў ствараецца ўражанне, нібы ў беларусак сапраўды ёсць шанец удзельнічаць у палітычных працэсах. Аднак відавочна, што гэта не так (прычым у дачыненні да мужчын таксама). Прыклад гэтага — 2020 год, калі галоўнымі лідаркамі пратэснага руху сталі менавіта жанчыны. Святлана Ціханоўская, якая зарэгістравалася кандыдаткай у прэзідэнты пасля таго, як гэтага права пазбавілі яе мужа Сяргея Ціханоўскага, аб’ядналася з прадстаўніцамі двух іншых штабоў — Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала, — і разам яны змаглі змяніць ход выбарчай кампаніі.

Адна з названых жанчын знаходзіцца ў калоніі за «змову з мэтай захопу ўлады» (гэта толькі адно з абвінавачанняў), другая гвалтоўна вывезеная з краіны, трэцяя была вымушаная з’ехаць з меркаванняў бяспекі. На гэтым фоне аповед пра тое, што ў краіне магчымыя нейкія «не праўладныя партыі», гучыць не тое што непераканаўча, але нават абсурдна.

Вероника Цепкало, Светлана Тихановская и Мария Колесникова на предвыборном митинге в Гродно. Август 2020 года
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на перадвыбарным мітынгу ў Гродне. Жнівень 2020 года

Магчыма, Лукашэнка загаварыў пра партыі, бо рэальная пазіцыя дзяржавы па гэтым пытанні заключаецца ў тым, што партыі ў прынцыпе не разглядаюцца як магчымыя суб’екты ўлады. Хоць спікер заўважыў, што жанчыны «і так робяць каласальны ўплыў, удзельнічаюць ва ўсіх палітычных і іншых працэсах». Праўда, «забыў» згадаць важны нюанс: удзельнічаць «у працэсах» у нас дазваляецца, толькі калі гэты ўдзел супадае з яго ўласным бачаннем.

Успомнім пра галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву, лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву, актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, праваабаронцу Марфу Рабкову, палітолага Валерыю Касцюгову — гэта толькі некалькі з сотняў імёнаў. Усе гэтыя жанчыны сапраўды «рабілі каласальны ўплыў на грамадства», вось толькі не той, які хацелася бачыць уладам. Вынік вядомы — кожнай па некалькі гадоў (а некаторым і больш за дзясятак) за кратамі.

Такая рыторыка (нават калі ў яе не верыць) рана ці позна змушае беларусаў і беларусак пачаць сумнявацца, наколькі адэкватна яны ўспрымаюць рэальнасць. Бо калі паслухаць Лукашэнку, акажацца, што ў Беларусі ёсць магчымасць свабодна займацца палітыкай, у тым ліку арганізоўваць партыі, адстойваць правы жанчын і абараняць любыя іх інтарэсы, у тым ліку не абмежаваныя нараджэннем дзяцей.

Прыхарошыў «сацыяльнасць» дзяржавы і не згадаў пра яе падвойныя стандарты для бацькоў

«Ведаю, усіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і далей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. <…> Смею запэўніць: пры любых умовах і абставінах нашая дзяржава будзе несці гэтую нагрузку. У поўным аб’ёме і, калі трэба, за межамі гэтых аб’ёмаў», — заявіў Лукашэнка. Пазней ён таксама заклікаў у сваёй прамове нарадзіць «пажадана, не адно дзіцятка, ну, траіх…»

Тым часам, сацпакет у Беларусі за апошнія 15 гадоў істотна зрэзаўся, што ў прынцыпе б’е па магчымасці і жаданні мець дзяцей. Але трэнд закранае ў тым ліку менавіта падтрымку бацькоў і дзяцей. Напрыклад, у 2013 годзе праз «злоўжыванне статусам маці-адзіночкі» прыбралі даплаты жанчынам, якія выхоўваюць дзіця, не маючы мужа. А некаторыя бонусы прыбіраюцца наогул міхаходзь — як, напрыклад, бясплатныя абеды для дзяцей са шматдзетных сем’яў.

Акрамя таго, з восені мінулага года Лукашэнка асабіста ініцыяваў перагляд падыходаў да падтрымкі сем’яў, дзе шмат дзяцей. У прыватнасці, іх захацелі ледзь не дзяліць на «шчаслівыя і не вельмі» і, грунтуючыся на гэтым, дапамагаць. Як гэта будзе працаваць, не зусім зразумела, бо сама дзяржава нярэдка транслюе падвойныя стандарты ў гэтым пытанні.

Напрыклад, згодна з рыторыкай прапаганды, падтрымліваць трэба «правільных» бацькоў, якія будуць выдаткоўваць дапамогі на само дзіця. «І ёсць такія сем'і, дзе нараджаць зноў і зноў — гэта стратэгія, каб атрымаць кватэру за капейкі або дарма. А дзеці гэтыя потым недаядаюць, недасыпаюць, пакутуюць і мучацца. Асабліва калі дапамогі на іх ад дзяржавы трацяцца бацькамі на… мэблю. Патрэбная ж мэбля ў бясплатную кватэру», — расказваў вядоўца АНТ Ігар Тур.

Пры гэтым акурат за адсутнасць гэтай самай мэблі шматдзетных бацькоў цалкам могуць уключыць у «асаблівыя спісы» і давесці сям’ю ледзь не да СНС. Пра гэта ў шоу «Мне тоже не нравится» расказвала маці шасці дзяцей Крысціна Каграманян.

— Тое, што гэта магчыма [выхаваць некалькіх дзяцей], відавочна. Але ўспамінаць той час мне вельмі балюча і цяжка, — казала яна. — Усюды ўсё трэба, і нешта ад цябе ўвесь час патрабуюць, і нешта хочуць, і ходзяць з гэтымі праверкамі. <…> Да цябе дадому прыходзіць камісія: настаўнік, сацпедагог і яшчэ хто-небудзь там — праверыць, ці адпавядаюць жыллёвыя ўмовы нармальнай жыццядзейнасці дзіцяці. Яны глядзяць яго пакой, наяўнасць пісьмовага стала… Гэта вельмі важна чамусьці. [Правяраюць, ці ёсць] ложак, часам зазірнуць у лядоўню. Гэта для мяне быў стрэс, бо да цябе прыходзяць у дом чужыя людзі, складаюць спіс, што ў мяне і маіх дзяцей ёсць, і кудысьці перадаюць. І з гэтага ствараецца вобраз, шчаслівая сям’я ці не.

— Яны гэта робяць, каб дапамагчы? То-бок калі няма стала, яны купяць гэты стол? — спытала вядоўца шоу Яўгенія Сугак.

— Не, яны яго не купяць. Якая дапамога? Гэта проста кантроль, — сказала Каграманян.

Улады літаральна закідваюць беларусаў ілжывымі і супярэчлівымі тэзісамі. Мы хочам, каб у ім не ўдалося падмяніць рэальнасць хлуснёй.

Дапамажыце нам і далей супрацьстаяць дэзінфармацыі (клікніце на гэты тэкст 👀)

«Люстэрка» працуе для беларусаў ужо больш за два гады. Актуальныя навіны і аналітыка даступныя мільёнам унікальных карыстальнікаў у месяц. Не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.

Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, вы можаце падтрымаць рэдакцыю фінансава і зрабіць свой унёсак у захаванне незалежнай журналістыкі.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.