Амбасадарка Венгрыі ў Беларусі Зіта Ілона Бенчык 14 верасня ўручыла копіі даверчых грамат міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Алейніку, паведаміла прэс-служба МЗС. Гэта адбылося ўпершыню з 2020 года.
«Бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня. Суразмоўцы пацвердзілі гатоўнасць да працягу ўзаемапаважлівага дыялогу і далейшага нарошчвання супрацоўніцтва ў сферах узаемнай цікавасці», — праінфармавала МЗС.
Нагадаем, у снежні 2020 года амбасадар Францыі Нікаля дэ Лакост уручыў копіі даверчых грамат тагачаснаму кіраўніку МЗС Уладзіміру Макею. Дыпламат быў апошнім прадстаўніком краін ЕС, хто гэта зрабіў. Уручэнне дакументаў менавіта кіраўніку МЗС, а не Аляксандру Лукашэнку звязанае з тым, што Францыя не прызнала вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 года, агучаныя Цэнтрвыбаркамам. У кастрычніку 2021 года дэ Лакост з’ехаў з Беларусі — беларускія ўлады адклікалі згоду на яго прызначэнне.
Венгрыя — адна з нямногіх заходніх краін, якія падтрымліваюць кантакты з афіцыйным Мінскам. У лютым Беларусь наведваў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта, вясной туды з візітам у адказ паляцеў міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Тады ж амбасадар Беларусі ў Венгрыі Уладзімір Улаховіч заявіў, што Будапешт лабіруе зняцце часткі санкцый з нашай краіны. Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі і Венгрыі ёсць «падабенства падыходаў да найважнейшых пытанняў».