Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 15 красавіка падпісаў чарговыя ўказы пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да прыхільнікаў расійскай агрэсіі. Туды трапілі і грамадзяне Беларусі, а таксама адно беларускае прадпрыемства.
У адпаведнасці з указам прэзідэнта Украіны № 228/2023, пад санкцыі трапілі трое грамадзян Беларусі. Сярод іх 25-гадовы скакун у вышыню Максім Недасекаў, які неаднаразова падкрэсліваў сваю лаяльнасць да дзейнай беларускай улады. Каментуючы сваю пазіцыю што да вайны ва Украіне ў студзені 2023 года, ён заявіў: «[Мне кажуць] Ты мусіш выставіць „Не вайне“. Мяне гэта проста так вырубаць пачало… Любы чалавек будзе супраць вайны. Навошта гэта выстаўляць? Нашае слова калісьці нешта вырашала? Не, вядома».
Таксама ў санкцыйны спіс трапілі рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўнік РА «Белая Русь» Алег Раманаў і міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.
Яшчэ адным указам Зяленскі ўхваліў санкцыі супраць кампаній, якія аказваюць паслугі ў галіне інфармацыйных і лічбавых тэхналогій. У яго трапілі расійскі «Яндэкс», «Вконтакте», а таксама беларуская кампанія «Інтэрмех», якая займаецца распрацоўкай і ўкараненнем сістэм аўтаматызацыі працэсаў на машынабудаўнічых і прыборабудаўнічых прадпрыемствах.
Нагадаем, 29 студзеня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць кампаній, якія садзейнічаюць расійскай агрэсіі. Сярод іх 23 беларускія прадпрыемствы. Гэта ААТ «Беларуськалій», ААТ «Гомельскі хімічны завод», Беларуская чыгунка і прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» БЧ, ТАА «ЕўраТрансВагон», магілёўскі «Кронаспан АСБ», Лідская «Лакафарба», «Белгазпрамбанк», Беллесэкспарт, ТАА «АСБ Лізінг», замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Омск Карбон Магілёў», ТАА «Садружнасць Транс-Агра» і іншыя.
Раней за падтрымку вайны і негатыўныя выказванні на адрас Украіны ў санкцыйны спіс трапілі амаль 200 артыстаў, блогераў, прадстаўнікоў медыяполя Расіі і Беларусі. Сярод іх Ігар Тур і Рыгор Азаронак, Аляксандр Шпакоўскі, а таксама гендырэктар СТБ Аляксандр Асеенка.