Святлана Ціханоўская выступіла перад кіраўнікамі МЗС краінаў Еўрасаюза ў рамках чарговага пасяджэння Савета ЕС па замежных справах, якое праходзіць у Брусэлі. На мерапрыемстве прысутнічалі 17 міністраў замежных справаў краін ЕС і вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
У сваім выступе Ціханоўская заклікала:
- палегчыць візавы рэжым для беларусаў, узмацніць адукацыйны і культурны абмены, падтрымаць прыватны бізнес, не звязаны з рэжымам;
- працягваць падтрымліваць СМІ і грамадзянскую супольнасць;
- перазапусціць маскоўскі механізм у АБСЕ ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі;
- не падтрымліваць адносінаў з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі і не весці перамоваў за спінай беларусаў;
- інстытуцыяналізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі ў Еўрапарламенце па прыкладзе Савета Еўропы;
- запрасіць Беларусь у еўрапейскую палітычную супольнасць (праект, ініцыяваны Эманюэлем Макронам), але каб Беларусь была прадстаўленая дэмакратычнымі сіламі, а не рэжымам;
- падтрымаць беларускіх актывістаў, валанцёраў і валанцёрак ва Украіне;
- працягнуць супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках Усходняга партнёрства.
Ціханоўская заклікала краіны ЕС стаць на абарону незалежнасці Беларусі: «Мы лічым, што вайну можна скончыць хутчэй, калі расійскія войскі сыдуць, а Беларусь пяройдзе да дэмакратыі. Рэжым падобны да крэсла з трыма ножкамі, на якіх ён стаіць: рэпрэсіі, грошы і Крэмль. Калі абрынецца хаця б адна з гэтых ног, абрынецца і ўвесь рэжым».
«Я заклікаю ЕС да рашучых дзеянняў па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі. Прыйшоў час вярнуць Беларусь на парадак дня. Роля Лукашэнкі ў вайне і пагроза незалежнасці Беларусі больш не могуць заставацца незаўважанымі. Дэмакратыі ўзялі курс на падтрымку незалежнай і суверэннай Беларусі. Цяпер самы час падтрымаць намаганні беларусаў па абароне незалежнасці свайго народа», — сказала Ціханоўская ў сваім выступе.
Нагадаем, кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль, анансуючы сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін ЕС са Святланай Ціханоўскай, заявіў, што ЕС вывучыць узровень удзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.