Сілавікі вызвалілі беларускага гастарбайтара, якога сілком утрымлівалі ў Расіі. Дэталі расказала прэс-служба МУС.
У міліцыю звярнулася маці пацярпелага. Яна расказала, што яе 28-гадовага сына, які з’ехаў на заробкі ў Падмаскоўе, гвалтоўна ўтрымліваюць невядомыя і патрабуюць выкуп.
За некалькі дзён да звароту ў 102 жанчыне пачалі прыходзіць відэа, дзе яе сына збіваюць і патрабуюць вярнуць за яго нібыта нейкі доўг. Аператыўнікі выйшлі на след зламыснікаў, высветлілі іх месцазнаходжанне і звярнуліся па садзейнічанне да расійскіх калег. Паліцэйскія затрымалі трох падазраваных і вызвалілі палоннага.
Цяпер беларус у бяспецы. Следчыя завялі крымінальную справу за вымагальніцтва.