ЗША больш не будуць выступаць у якасці пасярэдніка паміж Украінай і Расіяй, цяпер адказнасць за вырашэнне канфлікту ляжыць на саміх яго баках, заявіла падчас брыфінгу прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамента Тэмі Брус.
Адказваючы на пытанне пра магчымасць увядзення другасных санкцый супраць Расіі, якая працягне бамбардаваць Украіну, Брус заявіла, што Трамп «гатовы да такіх мер».
— Прэзідэнт імкнецца дзейнічаць дыпламатычна, але разумее, што трэба ўлічваць усю сусветную сітуацыю. <…> Падыход зменіцца — мы больш не будзем пастаяннымі пасярэднікамі [паміж Украінай і Расіяй]. Мы, безумоўна, па-ранейшаму адданыя гэтаму і будзем дапамагаць і рабіць усё, што можам. Але мы не збіраемся на злом галавы лётаць па свеце, каб арганізоўваць сустрэчы, — заявіла яна.
Паводле прадстаўніцы Дзярждэпа, цяпер мірныя перамовы — «гэта справа саміх бакоў, і надышоў час, калі ім трэба прадставіць і выпрацаваць канкрэтныя прапановы па заканчэнні канфлікту».
Галоўным дасягненнем адміністрацыі Трампа яна назвала «тое, што бакі наогул пачалі размаўляць»:
— Гэта ўдалося толькі нам. Падпісанне рэсурснай угоды з Украінай — таксама велізарны поспех. Гэтае пагадненне надоўга і ўсур'ёз паўплывае на будучыню краіны, узмацняючы яе бяспеку. Дыялог, змяненне сусветнага ўспрымання і пагадненне па мінералах — вось тры асноўныя вынікі, — сказала Брус.
Нагадаем, раней СМІ пісалі, што непадатлівасць расійскага лідара змушае Белы дом перагледзець свой падыход. Паводле іх, Трамп імкнецца выйсці з мірнага працэсу і заключыць любое пагадненне як мага хутчэй, нават калі яно акажацца сціплейшым за яго першапачатковыя амбіцыі.
Як адзначае The Moscow Times, Трамп, які першапачаткова пазбягаў публічнай крытыкі Пуціна, перастаў хаваць сваё раздражненне. 24 красавіка ён заявіў, што «незадаволены» расійскім ударам па Кіеве, які забраў больш за 30 жыццяў і стаў самым крывавым з ліпеня мінулага года. «Уладзімір, спыніся!» — пісаў Трамп у сацсетцы Truth Social. Праз два дні ён заявіў, што Пуцін, магчыма, «водзіць яго за нос». Відаць, з Расіяй трэба абыходзіцца «па-іншаму» — праз банкаўскія ці другасныя санкцыі, напісаў Трамп.
Чытайце таксама