З рахунку фонду Białoruś Liberty, заснаванага спікеркай Каардынацыйнай рады (КР) Анжалікай Мельнікавай, былі знятыя грошы — пра гэта паведамляе «Белсат» са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы. Дзе знаходзіцца сама Мельнікава, па-ранейшаму невядома.
Паводле суразмоўцы выдання, невядома, ці зняла грошы сама Мельнікава, а калі так, то добраахвотна гэта было ці пад ціскам.
Раней паведамлялася, што на рахункі фонду Białoruś Liberty прыходзілі сродкі для Каардынацыйнай рады і ініцыятывы «Кіберпартызаны». Паводле дамоўленасці з донарам, КР не раскрывае падрабязнасцяў. Для «Кіберпартызан» было пераведзена некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, але доступу да рахунку ў іх няма.
Прадстаўніца гэтай ініцыятывы Юльяна Шаметавец заявіла «Белсату»:
— Мы не можам дакладна сказаць, ці здымала Анжаліка якія-небудзь грошы з рахунку фонду, бо не маем да яго доступу. Цяпер мы працуем над яго атрыманнем. Калі гэта адбудзецца, зможам дакладна высветліць, ці былі зняцці, у якім аб’ёме і калі. Апошні раз, калі мы правяралі рахунак, на ім заставаліся толькі сродкі, звязаныя з праектамі «Кіберпартызан», і іх было няшмат.
Выканаўца абавязкаў спікера Каардынацыйнай рады Стася Гліннік паведаміла, што ў структуры такой інфармацыяй не маюць.
Прэс-служба Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіраўнік якога Павел Латушка кантактуе з польскімі праваахоўнымі органамі па справе знікнення Мельнікавай, пракаментавала:
— Мы не маем дачынення да гэтага фонду. Мы не ведаем, дзе, калі і якая сума была знятая, а таксама чые гэта былі сродкі. У нас няма інфармацыі, якая магла б растлумачыць сітуацыю. Таксама мы не атрымлівалі ніякай афіцыйнай інфармацыі ад праваахоўнікаў па гэтым пытанні.
Нагадаем, раней стала вядома, што новым старшынёй праўлення фонду Białoruś Liberty стаў беларус Віталь Пацехін. Замена кіраўніка адбылася 9 красавіка 2025 года.
Капітан Віталь Пацехін — той чалавек, якога беларускія сілавікі абвінавацілі ў атацы на базу АМАП у 2021 годзе.
Паводле матэрыялаў следства, былы вайсковец Пацехін з дапамогай кантрабандыстаў перавёз з Украіны дрон з вялікай грузападымальнасцю і некалькі месяцаў вучыўся ім кіраваць. У ноч на 25 верасня 2021 года ён з дапамогай беспілотніка скінуў дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю на базу АМАП. Пасля гэтага выехаў з Беларусі падрыхтаванымі шляхамі адыходу.
Якіх-кольвек значных пашкоджанняў выбухі базе не нанеслі, аднак Пацехіна завочна асудзілі на 24 гады пазбаўлення волі за тэракт.
Мяркуючы з інфармацыі з базы польскіх юрыдычных асоб, Пацехін узначальвае фонд SNB. Гэтая кампанія займаецца оптавым гандлем.
Што вядома пра знікненне Анжалікі Мельнікавай
У пятніцу, 28 сакавіка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што 25 сакавіка знікла спікерка КР Анжаліка Мельнікава. Ён расказаў, што падаў заяву пра гэта ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі акрамя беларускага ёсць грамадзянства гэтай краіны). Таксама 28 сакавіка стала вядома, што разам з жанчынай зніклі і дочкі, што жылі з ёй у Варшаве.
Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», да 25 сакавіка дэлегаты КР некалькі тыдняў не бачылі яе, бо палітык хварэла на COVID-19. Аднак, паводле іх словаў, спікерка выходзіла на сувязь. Прынамсі, да 21 сакавіка. Як пазней удакладняў Латушка, у гэты дзень яна апошні раз прысутнічала на сазвоне.
— Візуальна мы яе бачылі. Адкуль было злучэнне, мы не ведаем, — казаў у інтэрв'ю Deutsche Welle намеснік кіраўніцы АПК. Ён таксама адзначыў, што Анжаліка абяцала прыйсці ў офіс 24 ці 31 сакавіка. Але, спаслаўшыся на хваробу, візіт адмяніла.
У суботу, 29 сакавіка, у эфіры польскага тэлеканала TVN24 Латушка сцвярджаў, што былы муж спікеркі КР выехаў у Беларусь (пазней ён заявіў, што, паводле інфармацыі ад паліцыі, 3 сакавіка экс-муж перасёк польска-беларускую мяжу на аўтобусе).
У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцак Дабжыньскі расказаў, што, паводле звестак польскіх і партнёрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася за межамі Польшчы. Праз некалькі дзён Павел Латушка са спасылкай на паліцыю заявіў, што спікерка КР пакінула краіну 26 лютага і вылецела ў Вялікабрытанію.
30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясвіжы. Раніцай 31 сакавіка кіраўнік НАУ заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.
У пятніцу, 4 красавіка, сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікабрытаніі, падаў заявы пра знікненне спікеркі КР у дзве сілавыя структуры гэтай краіны: паліцыю Лондана (Metropolitan Police) і Нацыянальнае агенцтва па расследаванні злачынстваў (NCA).
7 красавіка «Люстэрку» ўдалося пагаварыць з экс-мужам Анжалікі Андрэем Мельнікавым. Ён пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі разам з дзецьмі. У гэты ж дзень стала вядома, што брытанская паліцыя не праводзіць расследавання па факце знікнення спікеркі КР.