Опубликовано 13 снежня 2022 у 12.01
Адрес в интернете: https://zerkal0-io-page.store/news/economics/28193.html    

Рэлакацыя ІТ, прасяданне прамысловасці, мінусы і плюсы ад рэгулявання цэн і рызыка адкладзенай інфляцыі. ЕАБР — пра эканоміку Беларусі

Эканамічная актыўнасць у Беларусі застаецца стрыманай, пры гэтым сітуацыя па галінах неаднародная, лічаць эканамісты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР). Так, сельская гаспадарка перастае быць драйверам эканомікі, у першую чаргу — праз праблемы ў жывёлагадоўлі. У ІТ-сферы — таксама цяжкасці, шмат у чым гэта звязана з рэлакацыяй бізнесу, лічаць у ЕАБР. Аналітыкі зрабілі прагноз па інфляцыі, заробках, а таксама ў цэлым па эканоміцы Беларусі.

Фото Pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота pixabay.com

Як сітуацыя розніцца па галінах

ВУП Беларусі скараціўся ў кастрычніку на 4,7% гадавых пасля зніжэння на 3,3% у верасні. Эксперты ЕАБР тлумачаць, з чым гэта звязана.

«Сельская гаспадарка перастала быць драйверам аднаўлення ВУП: выпуск у сектары зменшыўся на 2,7% гадавых у кастрычніку пасля двухзначнага росту ў жніўні — верасні. Такое пагаршэнне дынамікі звязанае з завяршэннем уборачнай кампаніі пры захаванні спаду жывёлагадоўчай галіны, — адзначаюць у ЕАБР. — Трохі аслабла ў кастрычніку дынаміка апрацоўчай прамысловасці — мінус 4,3% гадавых пасля мінус 3,9% гадавых у верасні, што можа сведчыць пра захаванне цяжкасцяў са збытам прадукцыі на знешніх рынках».

Аналітыкі таксама звяртаюць увагу на ўплыў рэлакацыі беларускіх ІТ-кампаній у іншыя краіны.

«Дабаўленая вартасць ІТ-сектара ў кастрычніку знізілася крыху больш чым на 8% гадавых з прычыны рэлакацыі бізнесу, — тлумачаць у ЕАБР і дадаюць, што яшчэ негатыўна адбіваецца на сітуацыі ў эканоміцы. — Заставаўся слабым і ўнутраны попыт: інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 18% гадавых у кастрычніку, а рознічны тавараабарот — на 7,8% гадавых».

У ЕАБР удакладняюць, што падтрымку ВУП у кастрычніку аказала змяншэнне спаду ў будаўніцтве. Гэта шмат у чым тлумачыцца нізкай базай кастрычніка 2021 года.

Згодна з прагнозам ЕАБР, сёлета ВУП Беларусі можа знізіцца на 4,6%.

Якая абстаноўка з імпартам і экспартам

Абарот знешняга гандлю таварамі Беларусі ў кастрычніку заставаўся на 3,4% ніжэйшым, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Так, экспарт скараціўся на 6,3% гадавых у вартасным выражэнні, а імпарт — на 1,6% гадавых.

«Карэкцыйнае ўмацаванне беларускага рубля вядзе да паступовага змяншэння падтрымкі экспарту з боку цэнавага фактару, аднак яе маштаб па-ранейшаму застаецца істотным, — удакладняюць у ЕАБР. — Вартасны аб’ём імпарту тавараў у Беларусь паступова аднаўляецца, прычым гэты працэс узмацніўся ў апошнія месяцы».

Да прыкладу, у ліпені падзенне імпарту складала 14% гадавых, у жніўні — 11,3%, у

верасні — 8,6%, а ў кастрычніку — 1,6%.

«Гэтае аднаўленне можа быць пераважна сканцэнтраванае ў спажывецкім сегменце, а пастаўкі інвестыцыйных тавараў у краіну за дзевяць месяцаў знізіліся амаль на 29% гадавых у вартасным выражэнні, — паведамляе ЕАБР са спасылкай на звесткі Белстата. — Калі складанасці з імпартам інвестыцыйнай прадукцыі акажуцца працяглымі, яны могуць мець доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы для эканомікі».

Чаму ў Беларусі могуць ірвануць цэны на тавары

У кастрычніку і лістападзе ў Беларусі ўпершыню ў гісторыі краіны зафіксавалі зніжэнне

спажывецкіх цэн на 1 і 1,1% адпаведна, звяртаюць увагу аналітыкі ЕАБР.

«Зніжэнне цэн у апошнія месяцы тлумачыцца ўвядзеннем новай сістэмы цэнавага

рэгулявання. Новая сістэма прадугледжвае ўзгадненне павышэння адпускных цэн вытворцамі з вышэйшымі дзяржорганамі, устанаўленне гранічных максімальных надбавак для імпарцёраў і гандлю і іншыя меры, — адзначаюць аналітыкі. — Цалкам імаверна, што рэгуляванне прывядзе да яшчэ большага запаволення інфляцыі да канца года. Разам з тым узраслі рызыкі адкладзенага росту цэн у будучыні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар

Як стрымліванне цэн у ручным рэжыме адбілася на заробках

Пры гэтым адміністрацыйнае зніжэнне цэн паўплывала на сітуацыю з рэальнымі заробкамі, у адных сферах — станоўча, а ў іншых — негатыўна.

«Рэальная заработная плата знізілася ў кастрычніку на 4,5% гадавых пасля скарачэння на 4% у верасні, — удакладняюць ў ЕАБР. — Адміністрацыйнае зніжэнне цэн спрыяла паляпшэнню дынамікі зарплаты ў прамысловасці і будаўніцтве, аднак у той жа час павялічыліся тэмпы яе падзення ў гандлі. Таксама прыкметна пагоршылася дынаміка ў сферах інфармацыі і сувязі (з мінус 12,6% гадавых у верасні да мінус 14,5% у кастрычніку), аперацый з нерухомай маёмасцю (з +0,1% гадавых да мінус 20,3%) і аховы здароўя (з мінус 12,1% гадавых да мінус 17,4%). Цалкам магчыма, што дынаміка рэальнай зарплаты палепшыцца ў найбліжэйшыя месяцы дзякуючы стрыманай інфляцыі».

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO