Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Што рабіць прыстойнаму, законапаслухмянаму грамадзяніну ў сітуацыі, калі ён бачыць, што людзі, якія здзяйсняюць злачынствы, не нясуць заслужанага пакарання? Ці мусіць ён дапамагчы дасягнуць справядлівасці — альбо не мае права ўмешвацца, нават калі ўлады не караюць злачынцаў ці наогул ім патураюць? Тых, хто ў адказ на гэтае спрэчнае пытанне выбірае першы варыянт, называюць вігілантамі. Яны існавалі ў розных краінах ва ўсе эпохі. Ці заслужаны вобраз супергерояў, які яны маюць цяпер? Ці былі і ці ёсць вігіланты ў Беларусі? Расказваем.

Хто такія вігіланты

Ці мае права звычайны грамадзянін, які не служыць у органах правапарадку і не працуе ў судзе, супрацьстаяць злачынцам і неяк удзельнічаць у іх затрыманні і пакаранні? У некаторых краінах (напрыклад, у Канадзе, Аўстрыі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША) жыхары надзеленыя правам затрымаць злачынца, то-бок ажыццявіць так званы грамадзянскі арышт. Беларускае заканадаўства такой працэдуры не прадугледжвае. Але артыкул 109 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса дае кожнаму грамадзяніну законнае права захапіць чалавека, заспетага проста падчас здзяйснення злачынства або падчас спробы ўцячы пасля яго здзяйснення. А калі злачынец супраціўляецца, да яго можна ўжыць «меры падаўлення».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Pexels.com / Kindel Media
Рукі затрыманага чалавека ў кайданках. Фота: Pexels.com / Kindel Media

На гэтым паўнамоцтвы грамадзяніна ў Беларусі заканчваюцца: пасля затрымання ён мусіць даставіць злачынца ўладам, якія будуць вырашаць ягоны далейшы лёс. Але гэта не так і мала. Уявіце: калі б законы ў Беларусі сапраўды працавалі, людзі мелі б магчымасць затрымліваць на месцы злачынства, напрыклад, чальцоў выбарчых камісій, якія ўкідваюць лішнія бюлетэні ў скрыні ці скажаюць у выніковых пратаколах звесткі галасавання. Або агрэсіўных людзей у масках, што збіваюць мірных жыхароў у іх двары.

На практыцы, вядома, беларусы, нават ведаючы пра такое права, дзесяць разоў падумаюць, перш чым яго выкарыстоўваць. Зрэшты, не толькі яны. Нават у краінах з дзейнымі законамі большасць грамадзян аддае перавагу таму, каб спадзявацца на дзяржаву ў пытанні прыцягнення злачынцаў да адказнасці.

Большасць, але не ўсе.

Людзей, якія лічаць, што дзяржава не спраўляецца з праваахоўнымі функцыямі, і вырашаюць самастойна караць злачынцаў, называюць вігілантамі. Вігілантызм — гэта перадухіленне, расследаванне і пакаранне правапарушэнняў і злачынстваў людзьмі, якія не маюць на гэта законных паўнамоцтваў. Больш лаканічна яго вызначаюць як узяцце грамадзянамі закона ў свае рукі ці самастойнае, без удзелу дзяржавы, спрыянне справядлівасці.

Слова «вігілант» — vigilante — набыло цяперашняе значэнне ў англійскай мове, куды трапіла ў ХІХ стагоддзі з іспанскай: там яно перакладаецца як вартавы, стражнік. Іспанскае ж слова ўзыходзіць да лацінскага vigilare — чуваць, не спаць. У англійскай слова спачатку выкарыстоўвалася для абазначэння сябраў грамадскіх камітэтаў пільнасці, якія арганізоўваліся для паскоранага спынення злачынстваў, калі законныя працэдуры падаваліся грамадзянам недастатковымі.

Вігіланты звычайна дзейнічаюць за рамкамі закона. Але, на думку канадскага палітолага Рэгіны Бэйтсан, гэта не робіць яе аўтаматычна незаконнай. Адна справа, калі закон пераступаюць з мэтай разбурэння правапарадку. Але дзеянні вігілантаў, якія здзяйсняюцца па-за межамі фармальнага прававога поля, скіраваныя на тое, каб правапарадак аднавіць або захаваць.

Вігілантызм — гэта вельмі складаная і неадназначная з’ява, якая ніяк не ўкладаецца ў простую чорна-белую карціну свету. Ідэя, што нехта можа чыніць сапраўднае правасуддзе, выпраўляючы памылкі ці недапрацоўкі дзяржаўнай машыны, на першы погляд выглядае прывабнай. Але роўна да таго моманту, пакуль уяўленні вігіланта пра справядлівасць хаця б у агульных рысах супадаюць з нашымі. Сітуацыя, у якой самасудам паводле ўласнага разумення будуць займацца ўсе хто хоча, наўрад ці спадабаецца многім.

У сваіх крайніх праявах вігілантызм можа ператварыцца ў крывавыя практыкі накшталт лінчавання. Пры гэтым, аднак, дзеянні самаабвешчаных змагароў за справядлівасць часта вітаюцца і рамантызуюцца — як, напрыклад, у ЗША, дзе вігілантамі, па сутнасці, можна лічыць большасць папулярных выдуманых супергерояў накшталт Чалавека-павука, Бэтмена ці Супермена. Назва папулярных супергеройскіх франшыз «Мсціўцы» і «Вартавыя Галактыкі» гавораць самі за сябе.

Могила Ивана Пулихова, расстрелянного за покушение в Минске на российского губернатора Павла Курлова. Февраль 2012 года. Фото: Homoatrox, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Магіла Івана Пуліхава, расстралянага за замах у Мінску на расійскага губернатара Паўла Курлова. Люты 2012 года. Фота: Homoatrox, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Больш за тое, часта нават самыя радыкальныя вігіланты з часам задняй датай легітымізуюцца і папулярызуюцца ўладамі. Як, напрыклад, Іван Пуліхаў, які ўчыніў замах на мінскага губернатара-ката Паўла Курлова, калі ўлады ніяк не пакаралі таго за расстрэл мірных мінчукоў (да гэтага выпадку мы яшчэ вернемся).

Вігіланты мінулых эпох

Самастойнае пакаранне злачынцаў згадваецца як цалкам дапушчальнае дзеянне яшчэ ў Бібліі, а менавіта ў 34-м раздзеле Кнігі Быцця ў Старым Запавеце. Там апісваецца выкраданне Шэхемам, сынам кіраўніка невялікага ханаанскага горада, Дзіны, дачкі патрыярха Якава. Згвалтаваўшы Дзіну, Шэхем вырашыў з ёю ажаніцца. Але браты дзяўчыны (родапачынальнікі будучых 12 каленаў габрэйскага народа) у адплату напалі на горад бацькі Шэхема, забілі выкрадальніка і наогул усіх мужчын, жанчын і дзяцей зняволілі, а горад разрабавалі. Калі кіраўнік ізраільцян Якаў паспрабаваў давесці сынам, што яны не мелі рацыі, тыя адказалі, што не маглі дапусціць, каб з іх сястрой абыходзіліся як з блудніцай.

Вігіланты часта рабіліся героямі народных паданняў. Кананічны прыклад — англійскі высакародны разбойнік Робін Гуд. Хутчэй за ўсё, гэта зборны вобраз народнага героя — змагара за справядлівасць, у якога не было рэальнага гістарычнага прататыпа. Што зусім не перашкаджала людзям стагоддзямі захапляцца персанажам, што змагаўся з беззаконнем мясцовага шэрыфа, і рамантызаваць яго.

Легендарный вигилант Робин Гуд на современном флаге английского графства Ноттингемшир. Изображение: commons.wikimedia.org
Легендарны вігілант Робін Гуд на сучасным сцягу англійскага графства Нотынгемшыр. Выява: commons.wikimedia.org

На Сіцыліі ў XII стагоддзі дзейнічала таемнае таварыства Vendicatori («мсціўцы»), якое карала злачынцаў за прынесеныя простаму народу крыўды. Таварыства разграміў кароль Сіцыліі Вільгельм II, які павесіў вялікага магістра «мсціўцаў», а шараговых удзельнікаў закляйміў распаленым жалезам.

У сярэднявечнай Германіі існавала таемная арганізацыя Фемэ (Vehme, у сярэдневерхненямецкай vëme значыла «пакаранне»). Да 1500 года, паводле некаторых ацэнак, туды ўваходзіла да 100 тысяч чалавек. Яе ўдзельнікі ладзілі таемныя трыбуналы на вяршынях пагоркаў ці пад вялікімі дубамі, дзе выносілі прысуды злачынцам, што ўхіляліся ад звычайнага суда. Іх маглі пакараць выгнаннем ці смерцю і ў апошнім выпадку вешалі — як, зрэшты, і выпадковых мінакоў, якія не ў час апынуліся ля месца правядзення сакрэтнага фемічнага суда. Пасля Першай сусветнай вайны Фемэ адрадзілася ў Германіі ў яшчэ больш злавесным выглядзе — ужо як форма тэрору ультраправых палітычных сіл у дачыненні да праціўнікаў. Прэса дала з’яве назву Fememorde — фемічныя забойствы, яны здзяйсняліся супраць сябраў якой-небудзь арганізацыі, якіх лічылі здраднікамі. Самай вядомай ахвярай стаў Вальтэр Ратэнау ў 1922 годзе — міністр замежных справаў Германіі габрэйскага паходжання.

У 1880-х гадах у штаце Місуры ў ЗША дзейнічала таемнае таварыства вігілантаў Bald Knobbers (англ. Лысыя вяршыні — паводле назвы мясцовага ланцуга пагоркаў). Яе ўдзельнікамі сталі грамадзяне, занепакоеныя ростам злачыннасці пасля Грамадзянскай вайны і нізкай эфектыўнасцю органаў правапарадку. Так, у акрузе Тэйні паміж 1865 і 1885 гадамі адбылося каля 40 забойстваў, але ні адзін падазраваны так і не быў асуджаны. Удзельнікі Bald Knobbers насілі страхотныя чорныя маскі і ладзілі расправы над злачынцамі-бязмежнікамі. Так, у красавіку 1885 года яны ўварваліся ў турму акругі Тэйні і выкралі з яе братоў Фрэнка і Тубала Тэйлараў. Браты былі вядомыя сваёй жорсткасцю і трапілі ў турму пасля таго, як паранілі ўладальніка крамы падчас спрэчкі праз куплю пары чаравікаў. Выцягнуўшы іх з турмы, вігіланты вывезлі іх за горад і павесілі.

Члены одной из организаций Bald Knobbers в американском художественном фильме 1919 года «Пастух с холмов». Фото: commons.wikimedia.org
Удзельнікі адной з арганізацый Bald Knobbers у амерыканскім мастацкім фільме 1919 года «Пастух з пагоркаў». Фота: commons.wikimedia.org

Паступова «Лысыя вяршыні» пачалі самі скочвацца да поўнага бязмежжа. Яны здзяйснялі жахлівыя начныя паездкі на конях, каб запалохаць «адкіды грамадства», якімі лічылі не толькі п’яніц і мужоў, што збіваюць сваіх жонак, але і карцёжнікаў, «распусных» жанчын, пары, «якія жывуць у граху» (то-бок не заключыўшы шлюбу) і мужчын, няздольных утрымліваць свае сем'і. Удзельнікі Bald Knobbers рэгулярна лупцавалі і кляймілі людзей, якіх падазравалі ў крадзяжы. А за напад, парушэнне грамадскага спакою ці знішчэнне маёмасці маглі збіць ці павесіць. Паступова злоўжыванняў з боку «Лысых вяршыняў» рабілася ўсё больш: яны пачалі запалохваць і пераследваць людзей, якія былі вінныя ім грошай ці валодалі зямлёй, якую яны хацелі займець. А адлупцаваць маглі за зрыў набажэнства ў царкве ці за падтрымку «няправільнага» кандыдата на выбарах.

У 1886 годзе пад ціскам уладаў асноўная групоўка ў акрузе Тэйні вымушаная была самараспусціцца, але яшчэ тры гады рэшткі «Лысых вяршыняў» дзейнічалі ў акрузе Крысчэн і некаторых іншых. У 1889 годзе іх арыштавалі і асудзілі ў горадзе Озарк (цэнтр Крысчэна). Большасць адкараскалася толькі штрафам у 50 даляраў за незаконныя сходы, але некалькі чалавек за жорсткія злачынствы атрымалі турэмныя тэрміны, а чатырох асудзілі на павешанне (праўда, аднаму ўдалося ўцячы).

Чалавек у адзінай масцы Bald Knobbers, якая захавалася. Фота: collectorsweekly.com
Чалавек у адзінай масцы Bald Knobbers, якая захавалася. Фота: collectorsweekly.com

У канцы XIX і ў першых дзесяцігоддзях XX стагоддзя на поўначы Кітая дзейнічалі вігіланты з «Таварыства вялікіх мячоў». Гэта былі лакальныя групы дробных землеўладальнікаў і арандатараў, якія ў перыяд кітайскіх міжусобіц самаарганізоўваліся для абароны сваіх вёсак ад бадзяжных бандытаў, атрадаў мясцовых вайсковых хунтаў, збіральнікаў падаткаў, а пазней — ад японскіх захопнікаў і камуністаў. Уяўленні «Таварыства вялікіх мячоў» пра справядлівасць, як і ў многіх іншых вігілантаў, былі спецыфічнымі. Увагу астатняга свету яны прыцягнулі пасля акцыі 1897 года, калі захапілі і забілі двух хрысціянскіх місіянераў з Германіі ў вёсцы Чжан Цзя.

Сучасныя вігіланты

У сучасным свеце вобраз вігілантаў, якія чыняць справядлівасць у сітуацыях, калі ўрад бяздзейнічае ці сам пачынае таптаць правы і свабоды людзей, хутчэй ухваляецца і рамантызуецца, чым асуджаецца. Сюжэты многіх фільмаў, серыялаў, кніг, коміксаў, камп’ютарных гульняў так ці інакш круцяцца вакол не абцяжараных дзяржаўнай уладай персанажаў, якія імкнуцца пакараць тых, хто, на іх думку, гэтага заслугоўвае.

Сучасныя Робіны Гуды — гэта не толькі супергероі накшталт марвелаўскіх «Мсціўцаў» або «Лігі справядлівасці Амерыкі» ад DC. Эталонны фільм пра вігілантаў без суперздольнасцяў — гэта, мабыць, «Законапаслухмяны грамадзянін» рэжысёра Гэры Грэя з Джэрардам Батлерам у галоўнай ролі. У ім амерыканец, сутыкнуўшыся з бездапаможнасцю судовай машыны, няздольнай прыцягнуць да адказнасці гвалтаўніка і забойцу ягоных жонкі і дачкі, сам забівае злачынца. А потым жорстка карае і служкаў закона, вінаватых, на яго думку, у гэтай сітуацыі.

Магчыма, менавіта прыклады рэальных вігілантаў з мінулага і сучасных герояў кніг і фільмаў падштурхоўваюць людзей з абвостраным пачуццём справядлівасці да таго, каб чыніць правасуддзе сваімі сіламі. У ролі такіх «мсціўцаў» усё часцей выступаюць не заканспіраваныя таемныя арганізацыі, а адзіночкі і спантанна ўзніклыя групы.

Яскравы прыклад адзіночных вігілантаў — немка Марыянна Бахмаер. У 1981 годзе 30-гадовая жыхарка Людэка застрэліла ў зале суда чалавека, які выкраў яе сямігадовую дачку Анну, згвалціў, а потым задушыў калготкамі. Суд не абвінаваціў Марыянну ў самасудзе. Палічыўшы, што жанчына дзейнічала спантанна і пад уплывам эмоцый, яе асудзілі на шэсць гадоў — і датэрмінова выпусцілі праз тры гады.

Марианна Бахмайер. Фото: allthatsinteresting.com, Fair use, en.wikipedia.org
Марыянна Бахмаер. Фота: allthatsinteresting.com, commons.wikimedia.org

У 2004 годзе ў індыйскім горадзе Нагпур (штат Махараштра) каля 200 жанчын забілі мужчыну, які, паводле іх, гвалтаваў многіх з іх цягам дзесяцігоддзя. Спачатку яму кінулі ў твар парашок вострага перцу, потым закідалі камянямі. Пакуль ён змагаўся і спрабаваў вырвацца, адна з меркаваных ахвяраў адрэзала яму нажом пеніс. Усяго на целе загінулага знайшлі 70 нажавых раненняў. Прычынай самасуду стала бяздзейнасць уладаў: калі жанчыны з ніжэйшых кастаў, што жылі ў трушчобах, паведамлялі паліцэйскім пра згвалтаванне, тыя толькі высмейвалі іх і абражалі. Паводле мясцовых жыхароў, гвалтаўнік даваў паліцэйскім хабар і паіў іх алкаголем.

У 2016 годзе ў Хімках (Маскоўская вобласць, Расія) з’явіўся вігілант, які ў касцюме Бэтмена начамі спрабаваў змагацца з мясцовымі наркагандлярамі. Ён называў сябе Рыперам (ад англ. «жнец»), нападаў на наркапрытоны і збіваў іх кліентаў і ўладальнікаў. Падмаскоўным мсціўцам аказаўся чачэнец Бекхан Юнусаў, якога звольнілі з міліцыі ў 2015 годзе. Пасля затрымання яго адправілі на псіхіятрычны агляд і асудзілі на чатыры гады калоніі. У 2023-м «Хімкінскі Бэтмен» пайшоў ваяваць супраць Украіны і стаў адным з камандзіраў падраздзялення «Ахмат».

Далёка не заўсёды акты самасуду, якія ладзяцца вігілантамі, аказваюцца па-сапраўднаму справядлівымі ці сувымернымі злачынству або правіне. У 2006 годзе ў англійскім графстве Гэмпшыр больш за 20 аўтамабілістаў сталі ахвярамі таямнічага мсціўца, які пракалоў ім шыны за тое, што яны за рулём карысталіся мабільным тэлефонам. Падобна, вігілант, што ўчыніў гэтую расправу, аказаўся не надта добрасумленным: як мінімум адна з пакараных жанчын сцвярджала, што яна нават не мела мабільнага.

У 2014 годзе ў французскім дэпартаменце Сена-Сен-Дэні непадалёк ад Парыжа група мясцовых жыхароў уварвалася ў часовы лагер народа рома і сілай вывела 16-гадовага падлетка на імя Дарыус. Хлопца адвялі ў падвал, дзе моцна збілі. У бальніцы, куды ён трапіў пасля выкрадання, яго давялося ўводзіць у стан штучнай комы. Да гэтага Дарыус некалькі разоў затрымліваўся паліцыяй па падазрэнні ў крадзяжах і ўзломах, за кіраванне аўтамабіля без правоў — але пад суд не трапляў. Самасуд над Дарыусам учынілі пасля таго, як з’явіліся чуткі пра яго датычнасць да новага ўзлому, які адбыўся за некалькі гадзін да выкрадання.

Часам ахвярамі жорсткіх расправаў з боку вігілантаў становяцца абсалютна невінаватыя людзі. У 2008 годзе ў Гаяне група людзей моцна збіла электрыка Хардэля Хейнса. Потым яго кінулі перад паліцэйскім участкам і паведамілі дзяжурнаму, што ён злодзей — але не прывялі ніякіх доказаў гэтага факта. Ад атрыманых пабояў Хейнс памёр.

У 2009 годзе ў Філадэльфіі (штат Пенсільванія, ЗША) група з пяці ці шасці чалавек збіла бейсбольнымі бітамі ні ў чым не вінаватага 26-гадовага Майкла Зенкіса. Малады чалавек вяртаўся дадому, а ўдзельнікі самасуду прынялі яго за таго, хто нядаўна згвалтаваў маленькую дзяўчынку. На шчасце, Зенкіс выжыў.

Вігіланты ў Беларусі

Беларусам не раз даводзілася сутыкацца з бяздзейнасцю ўладаў што да злачынцаў. А часам і тыя, і тыя дзейнічалі разам. Нядзіўна, што вігілантызм не раз узнікаў у нашай краіне.

Мост через Свислочь у пересечения улицы Пулихова с улицей Первомайской в Минске. Фото: Яндекс.Карты
Мост праз Свіслач ля скрыжавання вуліцы Пуліхава з вуліцай Першамайскай у Мінску. Фота: «Яндэкс.Карты»

У 1905 годзе расійскія ўлады ніяк не пакаралі мінскага губернатара Паўла Курлова, які загадаў расстраляць мірную маніфестацыю на Прывакзальнай плошчы. І гэта пры тым, што сам Курлоў прызнаў, што войска і паліцыя забівалі людзей на ягоны загад, а акруговая пракуратура сабрала доказы ягонай віны. Таму за пакаранне Курлова ўзяліся самі мінчукі. На грошы дэпутата Мінскай гарадской думы, землеўладальніка Яўстафія Любанскага, у студзені 1906-га быў арганізаваны замах на Курлова, выканаўцам якога стаў сябра партыі сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў) Іван Пуліхаў. Бомба, кінутая ім у губернатара, трапіла таму ў галаву — але не выбухнула. Ужо ў лютым Пуліхава расстралялі, але за савецкім часам яго імя атрымала адна з цэнтральных вуліц Мінска.

У 1967 годзе ў Слуцку загадчык аддзела культуры мясцовага гарвыканкама Генадзь Гапановіч і яго сабутэльнік Леанід Сыцько збілі да смерці муляра рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 4 Аляксандра Мікалаеўскага. На судзе Гапановічу і Сыцько выставілі абвінавачанне ў хуліганстве, за што ім пагражала максімум па 8 гадоў пазбаўлення волі. Случчакі палічылі такое мяккае пакаранне ў дачыненні да прадстаўніка гарадской наменклатуры несправядлівым. Ля будынка суда сабралася некалькі тысяч чалавек, з натоўпу даносіліся выкрыкі «Камуніст — забойца» і «Выдайце нам душагуба!».

Слуцк. Октябрь 1967 года. Фото: kurjer.info
Слуцк. Кастрычнік 1967 года. Фота: kurjer.info

Гапановіча вырашылі вывесці з будынка суда. Каб не дапусціць расправы над ім, яго пераапранулі ў міліцэйскую форму лейтэнанта Станіслава Татура, а Татура — у арыштанцкую вопратку. У выніку, калі раз’юшаныя случчакі ўварваліся ў будынак, яны выкінулі з акна другога паверха пераапранутага міліцыянера, якога палічылі злачынцам. Той памёр па дарозе ў бальніцу. Будынак тыя, хто ўварваўся, падпалілі — у агні загінула суддзя Галіна Аляксеева.

Да слуцкага самасуду савецкая ўлада паставілася зусім інакш, чым да замаху Пуліхава на Курлова. Двух падпальшчыкаў асудзілі на расстрэл, яшчэ двое вігілантаў атрымалі па 15, пяцёра — па дзесяць, адзін — дзевяць, трое — па сем гадоў пазбаўлення волі. Генадзь Гапановіч жа ў выніку атрымаў пяць гадоў.

У наш час вігілантызмам займаюцца некаторыя аб’яднанні праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі накшталт «Кіберпартызан» і стваральнікаў «Чорнай карты Беларусі», на якой адзначаныя адрасы сілавікоў, што ўдзельнічалі ў здушэнні мірных пратэстаў і рэпрэсіях, а таксама даносчыкаў КДБ. Тут у ролі пакарання выступае апублікаванне імёнаў і асабістых звестак тых, хто, з пункту гледжання ўдзельнікаў гэтых ініцыятываў, здзяйсняе злачынствы супраць грамадзян Беларусі.

Логотип "Киберпартизан". Источник: t.me/cpartisans_by
Лагатып «Кіберпартызан». Крыніца: t.me/cpartisans_by

«Кіберпартызаны» збіраюць і публікуюць інфармацыю пра арганізатараў і ўдзельнікаў незаконных сілавых акцый і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян Беларусі. Так, у 2021 годзе яны апублікавалі запісы тэлефонных размоваў сілавікоў пра разгон пратэстаў, якія выявілі іх устаноўкі на жорсткае ўжыванне сілы.

«Калі ў кагосьці з карнай сістэмы заставаліся ілюзіі, што вам удасца ўнікнуць адказнасці, то мы іх развеем. Усе вашыя злачынныя загады, сумневы, страхі, размовы з каханкамі ў нас у руках. <…> Міліцыя ў гэтай дзяржаве ніколі не была з народам. І мы хочам нагадаць, што асоба кожнага (!) памагатага рэжыму будзе высветленая. Ніхто не сыдзе беспакараным!» — напісалі «Кіберпартызаны», выклаўшы гэтыя аўдыё 9 і 16 жніўня 2021 года.

У тым самым годзе былі апублікаваныя запісы, якія сведчаць пра датычнасць прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, набліжанага да палітыка спартоўца Дзмітрыя Шакуты і камандзіра АМАП Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы да «палявання» на пратэсна настроеных мінчукоў восенню 2020 года. А ў красавіку 2024 года «Кіберпартызаны» выклалі ў свабодны доступ каля 40 тысяч даносаў, напісаных у КДБ Беларусі за апошнія дзевяць гадоў — з інфармацыяй пра іх аўтараў. Сайт КДБ яны таксама ўзламалі — з таго часу ён не працуе ўжо год (сілавікі папросту адключылі яго, баючыся новых атак).

Зрэшты, дзейнасць «Кіберпартызан» вігілантызмам не абмяжоўваецца. Напрыклад, яшчэ ў верасні 2020 года яны ўзламалі сістэму анлайн-вяшчання беларускага дзяржтэлебачання і запусцілі там трансляцыю кадраў жорсткага разгону мірных пратэстаў. «Калі Белтэлерадыёкампанія не хоча паказваць людзям праўду, яе пакажам мы», — заявілі хакеры ў сваім тэлеграм-канале.

Взлом онлайн-вещания беларусских каналов "Киберпартизанами" 26 сентября 2020 года. Источник: t.me/cpartisans_by
Узлом анлайн-вяшчання беларускіх каналаў «Кіберпартызанамі» 26 верасня 2020 года. Крыніца: t.me/cpartisans_by

У 2021 годзе «Кіберпартызаны» выкралі ў дзяржавы найважнейшыя базы дадзеных — МУС, ДАІ, ФСАН, сістэмы «Пашпарт» і многія іншыя. А вясной 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, удзельнікі руху арганізавалі кібератаку на ўнутраную сетку Беларускай чыгункі. Ім удалося прыпыніць працу праграмна-апаратнага комплексу «Нёман», які кіруе рухам цягнікоў, што ўскладніла перакідку расійскіх войскаў чыгуначным транспартам праз тэрыторыю нашай краіны.

Чытайце таксама