На Ніну Багінскую завялі крымінальную справу
6 мая 2025 у 1746513360
Максім Іскрын / «Зеркало»
Крымінальную справу за «неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» завялі ў дачыненні да 78-гадовай Ніны Багінскай, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Жанчыне інкрымінуюць артыкул 342−2 Крымінальнага кодэкса. Падставай для крымінальнага пераследу сталі шпацыры са значкамі бел-чырвона-белага колеру на вопратцы і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле звестак «Вясны», у 2024 годзе Ніну Багінскую тры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 24.23 КаАП (Несанкцыянаванае пікетаванне). Агульная сума штрафаў склала 7200 рублёў. Акрамя таго, на яе склалі яшчэ пяць пратаколаў.
Крымінальная справа будзе разглядацца ў судзе Першамайскага раёна сталіцы.
«Гэта сёмая справа паводле гэтага артыкула з моманту яго ўвядзення ў Крымінальны кодэкс, якая дайшла да суда. Вядома, што падчас следства па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псіхіятрычную экспертызу», - перадае «Вясна».
Артыкул 342−2 КК. Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў Парушэнне вызначанага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, у тым ліку публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем вызначанага парадку іх арганізацыі або правядзення (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), калі гэтае дзеянне здзейсненае неаднаразова, - караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той самы тэрмін. Заўвага. Для мэтаў гэтага артыкула дзеянне прызнаецца здзейсненым асобай неаднаразова, калі гэтая асоба двойчы цягам аднаго года падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, і цягам года пасля накладання другога адміністрацыйнага спагнання за такія дзеянні зноў парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.