У Генпракуратуры пракаментавалі забойства чатырох дзяцей у Оршы
15 лютага 2024 у 1707996660
«Зеркало»
Генеральная пракуратура прыняла да вытворчасці крымінальную справу па факце забойства чатырох малагадовых дзяцей у Оршы, паведаміла прэс-служба нагляднага ведамства.
У няпоўнай сям'і выхоўвалася шасцёра дзяцей. У іх былі розныя бацькі. Раней у дачыненні да сям'і тройчы праводзіліся сацыяльныя расследаванні. Апошняя праверка прайшла ў студзені. Па яе выніках вынеслі заключэнне, што ўсе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
У пракуратуры расказалі, што бацькі «не задавальнялі асноўных жыццёвых патрэбаў дзяцей, не выконвалі рэкамендацый медыцынскіх работнікаў». Акрамя таго, дома сістэматычна адсутнічала ежа, а бацькі дзяцей «вялі амаральны лад жыцця» і жылі асобна. Аднаго з іх раней адправілі ў лекава-працоўны прафілакторый.
Прадстаўнік Генпракуратуры таксама адзначыў, што на целах забітых дзяцей былі знойдзеныя сляды душэння. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал раніцай 15 лютага паведаміў, што няпоўнагадовых збіраліся забраць з сям'і органы апекі. Маці, «вырашыўшы не аддаваць дзяцей», задушыла іх і паспрабавала звесці рахункі з жыццём.
Нагадаем, паведамленне пра знаходжанне целаў чатырох дзяцей ва ўзросце ад 1 да 8 гадоў з прыкметамі гвалтоўнай смерці з'явілася ўвечары 14 лютага. Паводле папярэдняй інфармацыі Следчага камітэта, да здарэння датычная іх 36-гадовая маці.
Заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 (Забойства дзвюх і больш асобаў, здзейсненае ў дачыненні да малагадовых) КК Беларусі. Падазраваная затрыманая.