Беларуску з Канады не хацелі пускаць на круізны лайнер праз санкцыі «супраць Крыма, Данецка і Луганска». Расказваем падрабязнасці
17 студзеня 2023 у 1673942700
«Зеркало»
У рэдакцыю «Люстэрка» звярнулася Таццяна (імя змененае), беларуска з Канады. На канец студзеня яна з мужам забраніравала падарожжа на лайнеры па Карыбскім моры ад кампаніі Royal Caribbean. Нічога не прадказвала бяды, але незадоўга да паездкі жанчына атрымала ліст з патрабаваннем выслаць дадатковыя дакументы. У якасці прычыны згаданыя ўведзеныя ЗША санкцыі «супраць Крыма, Данецка і Луганска».
Таццяна з мужам другі год жыве ў Таронта. Яе муж - беларус, які атрымаў грамадзянства Канады, а нашая суразмоўніца знаходзіцца ў краіне на падставе віду на жыхарства.
- На Карыбы наогул віза не патрэбная, але круіз адпраўляецца з ЗША, таму мне трэба было аформіць амерыканскую візу. Працэс яе атрымання, дарэчы, наогул прайшоў без праблем, - тлумачыць Таццяна.
Круіз пара купляла на афіцыйным сайце Royal Caribbean. Ніякай дадатковай праверкі дакументаў да прыбыцця ў порт не мусіла быць.
- Візы заўсёды правяраюць ужо на месцы, там усё арганізавана гэтак жа, як і ў аэрапорце. Мытня, дагляд, здача багажу, - тлумачыць Таццяна.
Нечаканы ліст ад Royal Caribbean беларуска атрымала 13 студзеня. Амерыканска-нарвежская кампанія звярнула ўвагу на тое, што Таццяна ў графе «Грамадзянства» пазначыла «Беларусь». Спасылаючыся на «санкцыі супраць Крыма, Данецка і Луганска» (гэта дакладная цытата), прадстаўнік кампаніі запатрабаваў у дзяўчыны цэлы пакет дадатковых дакументаў. Каб захаваць бронь, Таццяну папрасілі даслаць як мінімум два з гэтых дакументаў:
- Пашпарт (імаверна, канадскі);
- Нацыянальную ID-карту (імаверна, канадскую);
- Пасведчанне кіроўцы;
- Від на жыхарства;
- Заяўку на від на жыхарства.
- У адказ я выслала ім мой ВНЖ, але яны адказалі, што гэтага недастаткова. Папрасілі пацверджанне адрасу пражывання, а ў Канадзе няма прапіскі ці рэгістрацыі. Адрас пражывання ёсць толькі на пасведчанні кіроўцы, якога ў мяне няма, - расказвае Таццяна.
Беларуска не была на акупаваных Расіяй тэрыторыях і лічыць, што праз беларускі пашпарт у кампаніі «проста вырашылі перастрахавацца». Яе мужу, які мае канадскае грамадзянства, лісты не прыходзілі.
- Гэта дзіўна, вядома. Нават калі яны вырашылі перастрахавацца, лагічна, што калі ты жывеш нелегальна, то нікуды не можаш выехаць. Калі чалавек заказвае круіз, ён разумее, што трэба будзе паказваць дакументы ў любым выпадку. Магчыма, у іх асцярога, што я застануся ў ЗША нелегальна, - мяркуе Таццяна.
Не дачакаўшыся цягам некалькіх дзён адказу па электроннай пошце, беларуская пара патэлефанавала ў офіс Royal Caribbean.
- Пасля размовы яны сказалі, што іх задаволілі дасланыя дакументы. На пытанне, чаму я наогул атрымала такі ліст, яны сказалі, што ў іх такія правілы. А што самае цікавае: калі б у мяне не было канадскага ВНЖ, а толькі беларускі пашпарт, нават з амерыканскай візай, яны не пусцілі б мяне на гэты круіз. Усё, кажуць, праз беларускае грамадзянства, - перадае суразмоўніца словы прадстаўніка кампаніі.
«Люстэрка» накіравала запыт у кампанію Royal Caribbean з пытаннем, пра якія менавіта санкцыі «супраць Крыма, Данецка і Луганска» ідзе гаворка і якое дачыненне да іх маюць людзі з беларускімі пашпартамі. Адказу на момант публікацыі гэтага тэксту мы не атрымалі.