Чаму беларусаў выдалілі з экранізацыі «Дзікага палявання караля Стаха»? Даследчыца кіно Вольга Раманава патлумачыла
30 красавiка 2025 у 1746023400
Міхаліна Яноўская / «Зеркало»
Цэнзура БССР выкрасліла згадку пра Беларусь з «Дзікага палявання караля Стаха» - класічнага фільма жахаў, знятага на «Беларусьфільме» Валерыем Рубінчыкам у 1979 годзе. Пра гэта ў новым выпуску ютуб-падкаста «Кінатэатр Беларусь», які вядуць журналісты Юля Аляксеева і Тарас Тарналіцкі, расказала культуролаг і аўтарка кнігі «Іншая гісторыя савецкага беларускага кіно» Вольга Раманава.
Як адзначыла даследчыца, «Дзікае паляванне караля Стаха» - добры прыклад таго, як абыходзіліся з нацыянальным кіно ў эпоху брэжнеўскага застою. Сцэнар фільма паводле ўласнай кнігі напісаў сам Уладзімір Караткевіч, які тады набіраў папулярнасць, і сцэнар быў прыняты, бо акурат ішлі працэсы «адлігі».
«Праект быў задуманы "Беларусьфільмам" як грандыёзны: былі атрыманыя грошы, набытая дарагая плёнка Kodak, падрыхтаваныя спецэфекты. А далей пачаўся канфлікт інтэрпрэтацый», - расказала Вольга Раманава.
Паводле яе, бачанне мастацкай рады «Беларусьфільма» разышлося з аўтарскім. Функцыянерам трэба было падцягнуць праект да тэмы рэвалюцыйнай барацьбы прыгнечанага народа, каб яго прапусцілі праз усе колы сістэмы і зацвердзілі.
«Караткевіча на той момант выкінулі з абмеркавання праекта. А Валер Рубінчык хацеў зняць такое аўтарскае савецкае кіно пра прыроду страху. Такая тыповая "фіга ў кішэні" ад савецкага інтэлігента. Толькі ў 2000-х ён сказаў, што гэта антытаталітарная прыпавесць, а ў савецкія часы гаварыў асцярожна, што гэта філасофская прыпавесць пра супрацьстаянне дабра і зла», - кажа даследчыца.
У выніку больш за ўсё пацярпеў тэкст Уладзіміра Караткевіча і яго задума.
«Па прынцыпе "абы чаго не здарылася" з яго пачалі вычышчаць усе намёкі, такія важныя для Караткевіча, на культурную іншасць, усю беларускую спецыфіку - сляды Вялікага Княства Літоўскага, старажытную легенду. Усе гэтыя элементы былі падчышчаныя.
Мой любімы прыклад - выраз Свеціловіча (адзін з галоўных герояў твора. - Заўв. рэд.), які кажа прыкладна наступнае: "Бедныя беларусы! Такі працавіты, такі добры народ, а заўсёды ў руках такой дрэні". Гэты выраз трапіў у літаратурны сцэнар Караткевіча, потым у рэжысёрскі сцэнар Валерыя Рубінчыка. А мастацкая рада сказала: "Гэта што за намёкі?" І [экранны] Свеціловіч ужо кажа ведаеце што? [проста] "Бедныя сяляне"».
Цалкам размову з Вольгай Раманавай пра савецкае кіно часоў БССР і яе кнігу кіназнаўчых эсэ «Іншая гісторыя савецкага беларускага кіно» можна паслухаць у падкасце «Кінатэатр Беларусь» на YouTube і Spotify.