Опубликовано 11 чэрвеня 2024 у 09.36
Адрес в интернете: https://zerkal0-io-page.store/news/accidents/70450.html    

У Нараўлянскім раёне гаспадар кватэры збіў госця, а той памёр. Але прычынай смерці аказаліся не пабоі

У вёсцы Грушаўка Нараўлянскага раёна выпівалі двое прыяцеляў. Пасля сваркі гаспадар дома збіў госця, а той памёр. Прычынай смерці аказалася атручанне этылавым спіртам, але яго прыяцеля ўсё роўна судзілі, паведамляе «Прыпяцкая праўда».

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Гаспадар дома запрасіў прыяцеля ў госці. Мужчыны выпівалі, а потым пасварыліся.

— Ведаючы, што мужчына знаходзіцца ў бездапаможным стане з прычыны моцнага алкагольнага ап’янення і не можа супраціўляцца, абвінавачаны схапіў яго за плечы, зрабіў падсечку, паваліў яго на падлогу і пачаў наносіць удары ў вобласць галавы, — расказала падрабязнасці крымінальнай справы намесніца пракурора Нараўлянскага раёна Вікторыя Жылінская.

Экспертыза налічыла не менш за 11 удараў, у выніку якіх госць атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія сінякі і ранкі, удары, гематомы, кровазліццё вялікіх абалонак галаўнога мозгу.

Пасля збіцця прыяцеля гаспадар кватэры пайшоў спаць, пакінуўшы госця на падлозе ў перадпакоі, а праз некалькі гадзін знайшоў яго мёртвым.

Але следства выявіла, што прычынай смерці госця стала атручанне этылавым спіртам.

— Сваімі наўмыснымі дзеяннямі яшчэ да смерці ён нанёс пацярпеламу боль спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя псіхічныя і фізічныя пакуты. А значыць, быў абавязаны паўстаць перад судом, — адзначыла намесніца пракурора.

Гаспадара дома прызналі вінаватым у катаванні (ч. 2 арт. 154 КК Беларусі). Яму прызначылі два гады «хіміі» і штраф на 50 базавых велічынь (2000 рублёў).

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO